Медсястру з Баранавічаў пераследуюць за выказванні ў СМІ пра каронавірус

У баранавіцкай паліклініцы №3 пачаўся пераслед медсястры агульнай практыкі Наталлі Каролік. Кіраўніцтва не даравала ёй крытычных паведамленняў у СМІ наконт праблем медыкаў падчас пандэміі.
Камісія па этыцы і дэанталогіі паліклінікі абвясціла вымову Каролік не за непрафесіяналізм, а за нібыта праклёны ў адрас дзвюх лекарак, адна з якіх — загадчыца аддзялення агульнай практыкі, кажа Наталля Каролік:

— Яны, змовіўшыся, напісалі нейкі паклёп на мяне, што я іх праклінала і ледзь не смерці ім жадала. Я лічу, што гэтае судзілішча было зробленае адмыслова, каб абвясціць мне вымову, каб знайсці магчымасць звольніць мяне за мае выказванні ў СМІ пра тое, што робіцца ў нас у паліклініцы.

Да лекарак далучылася намесніца загадчыка паліклінікі, якая палічыла злачынствам маску на шыі Каролік у калідоры паліклінікі, калі Каролік ішла ў прыбіральню. Хаця яна адна з нямногіх медыкаў аддзялення агульнай практыкі, хто не захварэў на COVID-19 і не быў пагрозай для іншых.

Раней хворая на цукровы дыябет Наталля Каролік расказвала журналістам, што яе прымушаюць працаваць у інфекцыйным кабінеце, хаця са сваёй хваробай жанчына адносіцца да групы рызыкі ў выпадку заражэння каронавірусам.

Медсястра напісала заяву на імя загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько, каб яе не накіроўвалі працаваць у інфекцыйны кабінет, дзе прымаюць людзей, у якіх можа быць каронавірус. У ёй яна зазначыла, што адміністрацыя не ў стане забяспечыць яе сродкамі абароны: маскамі, пальчаткамі, халатамі, ручнікамі. 

Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: