Мехрдад Джамшыдзіян просіць дазволіць яму добраахвотную дэпартацыю

Human Constanta распавяла, што іранец Мехрдад Джамшыдзіян, якога Беларусь вырашыла дэпартаваць у Іран, хоць яму там пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне, дагэтуль знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны.
Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by


Мехрдад усё яшчэ ў Беларусі, магчыма, толькі дзякуючы калектыўнаму звароту супраць ягонай высылкі. За два дні было сабрана больш за тысячу подпісаў, якія потым былі накіраваны ў МУС і МЗС Беларусі.

На жаль, Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС вельмі фармальна паставіўся да петыцыі і не сталі разглядаць яе па сутнасці. Суд, у якім Мехрдад і ягоны адвакат абскарджвалі рашэнне аб дэпартацыі, адмовіў у разглядзе скаргі, і таксама па фармальных падставах. Праваабаронцы будуць спрабаваць абскардзіць ужо адмову суду разгледзець гэтую скаргу.

Сам Мехрдад вельмі стаміўся і знясілены доўгім арыштам. У мінулую пятніцу, 29 сакавіка, ён і прадстаўнікі Human Constanta падалі ў МУС просьбу дазволіць яму добраахвотную дэпартацыю — каб ён змог выйсці з ізалятара часовага ўтрымання, дзе знаходзіцца ўжо 10 месяцаў, пабыць з сям'ёй і самастойна арганізаваць свой ад'езд з Беларусі.

Праваабаронцы адзначаюць, што Мехрдад цяпер асабліва складана, але вы можаце падтрымаць яго і напісаць яму ліст ці паштоўку: напісаць, што вы думаеце і перажываеце за яго. Вось адрас: Мінск, Ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), 1-й зав. Акрэсціна, 36а, Мехрдаду Джамшыдзіяну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!