Мемарыялізацыя Курапатаў набывае яшчэ большую актуальнасць

Аўтары афіцыйнага памятнага знаку на Галгофе ў Курапатах плануюць на свае сродкі дапоўніць яго шыльдай з тэкстам пра тое, што ў Курапатах у 1930-я — на пачатку 1940-х гадоў здзяйсняліся масавыя палітычныя рэпрэсіі. Але ці выратуе гэта сітуацыю?

Пытанне мемарыялізацыі Курапатаў становіцца яшчэ больш актуальным. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці, абмеркаваўшы сітуацыю ў Народным мемарыяле пасля ўзвядзення афіцыйнага памятнага знаку на Галгофе — найвышэйшым пункце старога хваёвага бору на паўночна-усходнім ускрайку Мінска, дзе з 1932 па 1941 гады супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі іншадумцаў і так званых «сацыяльна небяспечных» для пралетарскай дзяржавы «элементаў».

Разам з прадстаўнікамі грамадскасці ў абмеркаванні, якое адбылося днямі ў Мінску, прынялі ўдзел аўтары афіцыйнага памятнага знаку Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

Яны падкрэслілі, што прысвяцілі сваю кампазіцыю менавіта ахвярам сталінізму, а не прымірэнню ахвяраў з катамі. Паводле спадарыні Нячай, знак будзе дапоўнены шыльдай з тэкстам пра тое, што ў Курапатах у 1930-я — на пачатку 1940-х гадоў здзяйсняліся масавыя палітычныя рэпрэсіі. Прычым гэтую шыльду скульптары мяркуюць зрабіць і ўсталяваць на ўласныя сродкі.

Аўтары памятнага знаку зазначылі, што стваралі сваю кампазіцыю без аніякага знешняга ціску, падзякавалі грамадзянскай супольнасці за падтрымку, дзякуючы якой ў Курапатах падчас узвядзення іхнай кампазіцыі не былі пашкоджаныя мемарыяльныя крыжы і іншыя памятныя знакі, пастаўленыя грамадскасцю, а таксама праявілі сціпласць, прызнаўшы, што іхні твор сваімі мастацкімі якасцямі саступае праекту скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх. На Міжнародны грамадскі творчы конкурс «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння», першы этап якога праводзіўся ў 2016-2017 гадах, бацька і сын Гумілеўскія падавалі праект бронзавага крыжа з традыцыйна арнаментаваным беларускім ручніком.

Спадары Аганаў і Нячай згодныя, што іхні памятны знак не ставіць кропку ў працэсе мемарыялізацыі Курапатаў.

А як ацанілі афіцыйны памятны знак прадстаўнікі грамадскасці?

Кінарэжысёр і ўдзельніца Курапацкай варты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» Вольга Мікалайчык падкрэсліла, што Народны мемарыял у Курапатах ёсць шчырым сімвалам памяці «народу бязвінна забітага ад народу жывога». Разам з тым, на яе перакананне, афіцыйны памятны знак разбурае сціплую арганічнасць грамадскага ўшанавання ў Курапатах, бо дамінуе на Галгофе і ўспрымаецца як своеасаблівы «трон для дыктатара».

Культуролаг і грамадскі дзяяч Вацлаў Арэшка зазначыў, што афіцыйны памятны знак у Курапатах, створаны ў стылістыцы савецкіх часоў без якога-небудзь наватарства і глыбокага сэнсу, застанецца ў гісторыі хутчэй помнікам кіраўніку дзяржавы, ягонай эпосе і атачэнню. Вось чаму, паводле яго, працу па мемарыялізацыі Курапатаў трэба лічыць незавершанай.

Мастак і грамадскі дзяяч Генадзь Драздоў звярнуў увагу, што паўтара месяца, якія мелі ўдзельнікі афіцыйнага конкурсу на праект памятнага знаку ў Курапатах, — вельмі кароткі тэрмін для падрыхтоўкі такога складанага і адказнага твору. Гэты тэрмін сведчыць, што сучасная беларуская дзяржава, як правапераемніца савецкай, пакуль няздольная да глыбокага асэнсавання маштабу трагедыі нацыі ў даваенныя часы, да адкрыцця архіваў і імёнаў забітых, да прабачэння за масавыя рэпрэсіі. А мастакоў, якія прынялі ўдзел у дзяржаўным конкурсе, улады проста скарысталі. На жаль, аўтары афіцыйнага памятнага знаку зрабілі свой выбар і пайшлі на павадку ўладаў — замест таго, каб адмовіцца ад удзелу ў дзяржаўным конкурсе і тым самым захаваць уласны гонар мастакоў і сваю грамадзянскую годнасць. У выніку пераможцам афіцыйнага конкурсу стаў канцэптуальна сыры, фармальна невыразны і несувымерны таму, што ёсць у Курапатах, твор. Так, выклікаюць пытанні аўтарская версія выявы разбітага маўклівага звана ў навершы кампазіцыі, бо спрадвеку звон ёсць сімвалам нябёсаў, якія немажліва разбіць і знішчыць. Канфігурацыя, памеры і фактура стэлаў, на якіх трымаецца звон, таксама патрабуць дапрацоўкі.  

Мастак і грамадскі дзяяч Аляксей Марачкін падкрэсліў, што дзяржаўны памятны знак у каторы раз засведчыў адсутнасць унутранай свабоды ў большасці беларускіх мастакоў і стаўленне ўладаў да творцаў, як да публікі «падкапытнай».  

Ад сябе магу дадаць наступнае. Хоць аўтары паставілі памятны знак не па цэнтры Галгофы, а збоку Курапацкай гары — на сцежцы да Габрэйскага камяня, у астатнім праца Нячай і Аганава ўсё ж не выклікае пазітыўных сантыментаў. Сваім памерам гэты твор падаўляе ўсе памятныя знакі народнага ўшанавання, што ўзведзеныя на Галгофе цягам дзесяцігоддзяў. Яны нават неяк змізарнелі пасля таго, як там усталявалі кампазіцыю ад дзяржавы. Па сваёй кранальнасці праца Нячай і Аганава заўважна саступае сціплым памятным крыжам і камяням, што людзі самі ўзвялі ў Курапатах, бо за кожным з іх стаіць ІМЯ і ВОБРАЗ бязвінна забітага...

У сітуацыі, калі ўлады адмаўляюцца адкрыць імёны курапацкіх ахвяраў і спецхраны архіваў, іншага памятнага знаку ў Курапатах дзяржава і не можа паставіць. Разам з тым, сваёй шматгадовай, рознабаковай і часам ахвярнай працай дзеля абароны Народнага мемарыялу грамадскасць ВЫМУСІЛА чынавенства пайсці — хоць неяк — на мемарыялізацыю ўрочышча. Дзякуючы гэтаму Курапаты пачалі актыўна вяртацца ў грамадскую свядомасць, і ўрочышчам нарэшце сталі апекавацца і прадстаўнікі афіцыйных, у тым ліку маладзёвых і прафсаюзных, структураў.

І апошняе. Нават калі на афіцыйным памятным знаку з’явіцца шыльда з тэкстам пра ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму, праца В. Нячай і С. Аганава не здымае пытання належнай мемарыялізацыі Курапатаў.

Там, на меркаванне беларускай грамадскасці, трэба зрабіць высокамастацкае абрамленне для ўжо існуючага Народнага мемарыялу. Зрабіць з выкарыстаннем розных сродкаў, у тым ліку пластычных і аўдыёвізуальных, разам з стварэннем Цэнтру нацыянальнай памяці — Музея гісторыі Курапатаў. Зрабіць сэрцам, інтэлектам і рукамі вольных творцаў у адпаведнасці з беларускімі народнымі традыцыямі ўшанавання памяці продкаў. Зрабіць, каб адлюстраваць значнасць Курапатаў у нашай гісторыі, як месца пакутніцтва і адраджэння, грамадскага пакаяння за вынішчэнне лепшых сыноў і дачок Беларусі.        

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!