Мінгарвыканкам: бел-чырвона-белы сцяг 25 сакавіка дазволены

Выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг 25 сакавіка на акцыі, прысвечанай святкаванню 100-годдзя БНР, дазволена. Заяўнікі мітынгу і арганізатары канцэрту да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску сустрэліся 12 сакавіка з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота: facebook.com/alaksej.janukevich

Фота: facebook.com/alaksej.janukevich

Сёння была сустрэча з прадстаўнікамі ГУУС і ўпраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкама. Мы, вядома, спыталі пра абмежаванні выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга. Прадстаўнік Менгарвыканкама пацвердзіў, што ніякіх абмежаванняў не будзе, — распавёў TUT.BY лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. — Адзінае, пра што папрасілі, — гэта не прыносіць транспаранты і не выкарыстоўваць лозунгі, якія не маюць дачынення да свята.

Дазвол на правядзенне канцэрту і мітынгу каля Вялікага тэатра оперы і балета гарадскія ўлады далі 2 сакавіка.

У адказе, які арганізатары атрымалі ў Мінгарвыканкаме, было сказана, што 25 сакавіка ўдзельнікам акцыі дазволена выкарыстоўваць толькі плакаты, транспаранты, лозунгі, эмблемы і знакі, якія «адпавядаюць заяўленай мэце» — гэта значыць святкаванню 100-годдзя БНР. А таксама сцягі і вымпелы, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку.

 


Бел-чырвона-белы сцяг — афіцыйны сцяг Беларускай народнай рэспублікі, але ў сучаснай Беларусі ён лічыцца незарэгістраванай сімволікай, за выкарыстанне якой на акцыях пратэсту ці нават канцэртах могуць аштрафаваць.

Актывісты і прадстаўнікі апазіцыі не раз звярталіся ў Мінкульт з прапановай надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але рашэнне так і не было прынята.

www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць