Менскі ВНУ адлічыў студэнтку, якая зладзіла акцыю з патрабаваннем увесці каранцін

МДЛУ адлічыў Лізавету Пракопчык — студэнтку чацвёртага курса факультэта нямецкай мовы, якая ў сярэдзіне сакавіка ініцыявала студэнцкі страйк і акцыю «Ха-ха, я тут памру» з патрабаваннем аб'явы каранціну, паведамляе «Свабода».
У сакавіку дзяўчына актыўна заклікала навучэнцаў універсітэта да самаізаляцыі. Маштабнага студэнцкага страйку не атрымалася, перадае TUT.by. «[Мяне] адлічылі за пропускі», — кажа Лізавета «Свабодзе», удакладняючы, што юрыдычна ўсё па законе: трэцяя вымова за год, прычым кожная — за прагулы. Аднак Пракопчык лічыць такое рашэнне адміністрацыі МДЛУ несправядлівым: «На факультэце ёсць людзі, у якіх па 150 гадзін пропускаў у месяц, і іх не адлічваюць. У сакавіку ў мяне было 60-65 гадзін пропускаў, і мяне выключылі».

Дзяўчына дадае, што ў снежні выязджала за мяжу па «грамадскіх справах», але таксама мела і іншыя пропускі заняткаў. Акрамя таго, з 20 сакавіка Лізавета знаходзілася на добраахвотнай самаізаляцыі. Яна працягвала заклікаць МДЛУ перавесці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучанне, але вярнулася на пары 6 красавіка зразумеўшы, што сітуацыя не мяняецца. У гэты ж дзень яе азнаёмілі з загадам на адлічэнне. Тлумачальная аб тым, што Лізавета знаходзілася ў карантыне, не падзейнічала.

Лізавета Пракопчык на акцыі «Ха-ха, я тут памру»

Лізавета Пракопчык на акцыі «Ха-ха, я тут памру»

«Я вінаватая, але гэта [адлічэнне] і палітычна матываванае. Я ведаю многіх людзей, якія не ходзяць на заняткі, здаюць сесію з чацвёртага разу, але іх не выключаюць, — тлумачыць Лізавета. — Я буду абскарджваць гэтае рашэнне, таму што ва ўнутраным дакуменце універсітэта гаворыцца, што ў працэсе навучання студэнты маюць права захоўваць сваё жыццё і здароўе. Я лічу, што самакарантын — гэта захаванне майго жыцця і здароўя. Хутчэй за ўсё, гэта не спрацуе, але трэба паспрабаваць».

Сітуацыя Пракопчык ўскладняецца тым, што яна паступіла па накіраванні. Гэта значыць, што яна будзе абавязаная вярнуць грошы за сваё навучанне. Сума можа дасягнуць некалькіх тысяч даляраў.

TUT.by ўдалося звязацца з рэктарам МДЛУ Наталляй Баранавай. Вось што яна сказала: «У пачатку кожнага месяца ў нас падводзяцца вынікі прамежкавай атэстацыі. У тым ліку мы глядзім на наведвальнасць студэнтаў. Калі хтосьці прапусціў шмат заняткаў і апынуўся неатэставаным ўпершыню, ён атрымлівае заўвагу, калі сітуацыя паўтараецца — вымова.

Перш чым падпісаць загад аб адлічэнні, я яшчэ раз уважліва вывучыла ўсе дакументы. У Лізы былі вымовы за пропускі заняткаў без паважных прычын у зімовым семестры, у пачатку летняга семестра і ў сакавіку. У сакавіку свае пропускі яна тлумачыла тым, што пайшла на самаізаляцыю. Але ў нас ніхто на самаізаляцыю не сыходзіць. Так, ёсць хлопцы, якія сказалі: «Мы баімся наведваць заняткі». Яны сядзяць дома і выконваюць хатнія заданні. Ліза ў сакавіку іх не выконвала. Як я магу судзіць пра гэта? Яна не атэставана па нямецкай мове — галоўным прадмеце, які яна вывучае на факультэце.

Запэўніваю вас, што ніякіх палітычных матываў адлічваць Лізу няма і не было. Акадэмічныя патрабаванні па наведвальнасці заняткаў і засваенні зместу адукацыі аднолькавы для ўсіх».


Паводле kyky.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: