Месцы няволі ў Беларусі

Зняволеныя ў Беларусі ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія часта не прымальны па прычыне скучанасці, непавагі асабістага гонару, невыканання санітарна-гігіенічных правіл, незабяспечанасці годнага існавання, нізкай якасці харчавання і яго недастатковасці.
Такія высновы ўтрымлівае маніторынгавая справаздача «Месцы няволі ў Беларусі ў 2018-2019 гадах», падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і прэзентаваная 13 лютага ў сядзібе арганізацыі.
Па словах складальніка справаздачы юрыста Паўла Сапелкі, гэты дакумент падсумоўвае вынікі даследаванняў стану правоў чалавека ва ўстановах няволі за пазначаныя два гады, актуалізуе інфармацыю аб праведзеных з удзелам «Вясны» стратэгічных справах, звязаных з парушэннем дзяржаваю правоў чалавека.
Павел Сапелка (у цэнтры)

Павел Сапелка (у цэнтры)

Барыс Бухель, праваабаронца з Малілёва, з’яўляецца сакратаром Грамадска-назіральнай камісіі па Магілёўскай вобласці, якая мусіць займацца вывучэннем сітуацыі з правамі зняволеных. Павел Сапелка адзначыў, што звычайна такія камісіі галоўным чынам фарміруюцца з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, «якія вельмі далёкія ад праваабароны, ад праблем зняволеных». «Час ад часу выклікае проста здзіўленне, што такія арганізацыі робяць у грамадска-назіральных камісіях? Таму толькі Барыс Бухель і яшчэ старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак — два праваабаронцы, якія трапілі ў гэтыя камісіі», — канстатаваў юрыст.

Барыс Бухель

Барыс Бухель

Але нават з’яўляючыся чальцом такой камісіі, практычна няма магчымасці сустракацца са зняволенымі, распавёў Бухель. Месцы пазбаўлення волі нельга наведаць без адмысловай заяўкі і папярэдняга ўзгаднення з уладамі. І нават калі гэтыя камісіі трапляюць ва ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы, то сустрэцца там са зняволенымі таксама вельмі складана. «Падчас нашага наведвання Магілёўскай калоніі № 15 мы зняволеных нават не сустрэлі. Кіраўніцтва ўстановы пад рознымі нагодамі не прадаставіла нам такой магчымасці», — адзначыў праваабаронца. Тое самае адбылося і ў Горацкай калоніі, дзе Бухелю было адмоўлена ў сустрэчы з палітвязнем Міхаілам Жамчужным.

Адным з кірункаў дзейнасці камісій з’яўляецца анкетаванне людзей, пазбаўленых свабоды, на прадмет умоў іх утрымання і выканання іх правоў. Як распавёў Бухель, для такога анкетавання кіраўніцтва калоніі № 15 адабрала 21-го зняволенага (крытэрыі, па якіх адбываўся адбор, застаюцца таямніцай), і нават пасля гэтага сярод апытаных аказаліся незадаволеныя сваім становішчам. Не толькі тыя, хто браў удзел у анкетаванні, але і іншыя былыя і цяперашнія зняволеныя сярод прычын сваёй незадаволенасці называюць холад у памяшканнях, асабліва ў штрафных ізалятарах, кепскую якасць вады, занадта вялікую колькасць людзей у атрадах, недастатковую колькасць прадметаў асабістай гігіены. Некаторыя адзначалі недастатковасць ежы, вітамінаў, адсутнасць неабходных лекаў.

«Цяперашнія анкеты маюць недахопы, яны не дазваляюць поўнасцю даследаваць сітуацыю са зняволенымі. Таму быў зварот да ўладаў распрацаваць новыя, больш поўныя анкеты. Аднак, свае прапановы на гэты конт даслала толькі Магілеўская абласная грамадзка-назіральная камісія», — абураецца Барыс Бухель.
У сваю чаргу, магілёўскі праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў адзначыў, што Беларусь з’яўляецца адзінай на постсавецкай прасторы краінай, дзе Дэпартамент выканання пакаранняў дагэтуль знаходзіцца пад дахам міністэрства ўнутраных спраў, у астатніх дзяржавах ДВП пераведзены ў сістэму міністэрстваў юстыцыі.

Аляксандр Буракоў

Аляксандр Буракоў

«Беларусь таксама адзіная краіна ў рэгіёне, дзе на вокнах у турмах і следчых ізалятарах знаходзяцца „раснічкі“ — металічныя жалюзі, якія не прапускаюць у памяшканне натуральнае святло, а гэта кепска адбіваецца на здароўі чалавека, даволі адмоўна ўплывае на зрок, — кажа Буракоў. — Яны зроблены са старога іржавага жалеззя, выглядае гэта проста брыдка».

Па словах Буракова, грамадзяне тых краін, якія маюць права скардзіцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, пішуць туды адпаведныя скаргі, і нават Расія мусіла выплачваць сваім грамадзянам кампенсацыі за парушэнне іх правоў у пенітэнцыярных установах. Беларусы ж такой магчымасці пазбаўлены. Цяпер праваабаронцы дабіваюцца забароны «раснічак», у тым ліку і праз суд.

Буракоў звярнуў увагу таксама і на выкананне санітарных норм у следчых ізалятарах. Па словах праваабаронцы, яго проста ўразіў адказ з пракуратуры: па словах пракурора, аказваецца, беларускія санітарныя нормы і правілы не распаўсюджваюцца на СІЗА. «Гэта поўная хлусня і трызненне! Нам давялося дабівацца афіцыйнага заключэння за подпісам намесніка міністра аховы здароўя, дзе ён напісаў, што санітарныя нормы і правілы ў Беларусі дзейнічаюць паўсюль, у тым ліку і ў турмах, калоніях, арыштных дамах і гэтак далей», — адзначыў Буракоў. Па яго словах, дакумент за подпісам Міністэрства аховы здароўя, які вызначае нормы, у тым ліку, і паступлення ў памяшканні дзённага святла, з’яўляецца законам, аднак у Беларусі гэты закон парушаецца амаль ва ўсіх установах пенітэнцыярнай сістэмы.

Яшчэ адна цікавая сітуацыя. У апошні месяц праваабаронцы сустракаліся з былымі пастаяльцамі папраўчай калоніі № 4 (гэта гомельская калонія для жанчын), і яны распавялі такую гісторыю. Роўна год таму тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч урачыста пры вялікай прысутнасці дзяржаўнай прэсы адкрыў інтэрнат для мам з дзецьмі да трох гадоў на прыкладна трыццаць чалавек. «Адкрылі, усё добра, паказалі, што Беларусь рухаецца сямімільнымі крокамі, але насамрэч гэты інтэрнат не працаваў аніводнага дня, — кажа Аляксандр Буракоў. — Па якіх прычынах? Першая — гэта холад. Але высветлілася, што галоўная прычына ў іншым. Жанчынам-маці ў турмах не даюць адпачынку па даглядзе дзяцей да трох год, гэты адпачынак проста не прадугледжаны ў законе! Тады мы вырашылі паслаць запыт у Камітэт дзяржкантролю і Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, адкуль ужо атрымалі адказ: усё ўжо перададзена ў ДВП, і там будзе праведзеная праверка. Што будзе далей — паглядзім». У гэты праект, дадае юрыст Павел Сапелка, былі ўкладзены вялікія грошы, але навошта, калі гэты інтэрнат не выкарыстоўваецца?

І такіх прыкладаў можна прыводзіць багата. Як падкрэсліваецца ў маніторынгавай справаздачы, знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачваемых, якія знаходзяцца пад вартай, і абцяжарвае МУС не ўласцівымі яму функцыямі. Аўтары справаздачы дадаюць, што грамадскі кантроль за месцамі няволі ў Беларусі не эфектыўны, што на практыцы і ў заканадаўстве існуе дыскрымінацыя зняволеных у працоўнай і сацыяльнай галіне. Дарэчы, аўтары асабліва падкрэсліваюць, што аналіз і ацэнка атрыманых дадзеных свабодны ад палітычных, рэлігійных і іншых пераваг; яны незалежныя і маюць за мэту падкрэсліць універсальнасць правоў чалавека.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: