Міхаіл Пастухоў названы «Рыцарам 2015 года»

Былы член Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў стаў лаўрэатам штогадовай прэміі «З адкрытым забралам», заснаванай рухам «Абаронцы Айчыны» ў памяць аб зніклым без вестак Юрыя Захаранкі.



Па словах лідэра руху "Абаронцы Айчыны" Алега Волчака, у мінулым годзе Міхаіл Пастухоў прыклаў шмат намаганняў для прызнання вязнямі сумлення праваабаронцаў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, а таксама для распрацоўкі канцэпцыі судова-прававой рэформы, асобныя палажэнні якой прыняты пад увагу ўладамі.

У сваю чаргу Міхаіл Пастухоў заявіў, што падзяляе мэты руху «Абаронцы Айчыны» і асабіста добра ведаў Юрыя Захаранку. «Не выпадкова, што ён (Захаранка) адмовіўся выконваць злачынныя загады І, на жаль, заканамерна пры гэтай уладзе, што ён апынуўся яе ахвярай», - падкрэсліў Пастухоў.

У розныя гады лаўрэатамі прэміі імя Захаранкі былі генерал Валеры Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Казулін і Мікалай Статкевіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, журналіст Аляксандр Тамковіч.

Паводле Deutsche Welle 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!