Microsoft не выдала беларускім сілавікам звесткі пра карыстальнікаў

Кампанія Microsoft адмовілася задаволіць запыт на карыстацкую інфармацыю, што нядаўна прыйшоў ад праваахоўных органаў Беларусі. Гэта вынікае з «справаздачы аб празрыстасці» за другую палову 2016 года.

Згодна з дакументам, за паўгода Microsoft атрымала з нашай краіны адзін запыт, які тычыўся двух акаўнтаў. Кампанія прыняла рашэнне не раскрываць ніякую інфармацыю — ні змест перапіскі, ні агульныя дадзеныя акаўнтаў.

Запыт паступіў ад праваахоўных органаў— кампанія не называе дакладную назву структуры. Таксама не тлумачыцца, якога з прадуктаў Microsoft тычыўся запыт — Skype, Hotmail, Outlook або Xbox.

Усяго за паўгода ў Microsoft прыйшло 25 837 запытаў на выдачу інфармацыі пра карыстальнікаў. Большасць даслалі праваахоўнікі з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.

Для параўнання: праваахоўныя органы ЗША за паўгода звярнуліся ў кампанію больш за 4000 разоў. Па 56% акаўнтаў была раскрытая агульная інфармацыя, у 9% выпадкаў Microsoft дала доступ да змесціва перапіскі, галасавой або відэасувязі. З Расіі за гэты ж час адправілі 10 запытаў аб 13 карыстальніках, усе яны былі адхіленыя.

Па дадзеных кампаніі, у апошні раз яна задаволіла запыт з Беларусі ў першай палове 2013 года. Пасля гэтага яна атрымала 10 запытаў, якія тычыліся 19 акаўнтаў, але адхіліла іх усе.

Па правілах Microsoft, запыты аб дадзеных карыстальнікаў павінны адпавядаць дзейнаму заканадаўству ЗША. Каб атрымаць агульныя дадзеныя аб акаўнце (лагін, імя і прозвішча, месца пражывання, адрас электроннай пошты, IP-адрас), патрэбна афіцыйная позва, каб атрымаць змесціва перапіскі — ордэр або яго аналаг.

Беларусь не ўпершыню з'яўляецца ў «справаздачах аб празрыстасці» буйных тэхналагічных кампаній. У першай палове 2016 года кампанія Google адмовілася раскрыць дадзеныя пра пяць акаўнтах. У другой палове 2015 году беларускі бок атрымаў адмову ад Facebook, а ў 2013 годзе — ад Apple.

42.tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: