Міхаіл Громаў: «На заводзе мы як у падполлі…»

Кіраўнік пярвічнай арганізацыі прафсаюза РЭП Мінскага трактарнага завода распавёў «Народнай Волі» пра тое, як сёння працуецца на прадпрыемстве рабочым і тым, хто іх павінен абараняць.

— Міхаіл, колькі гадоў вы адпрацавалі на трактарным заводзе?

— Сямнаццаць.

— Як рабочыя МТЗ успрынялі вынікі прэзідэнцкіх выбараў і тыя падзеі, што пачалі адбывацца пасля іх?

— Па-рознаму. Напрыклад, я да вясны мінулага года наогул лічыў сябе апалітычным чалавекам. Як і большасць рабочых, якія кіруюцца прынцыпам «палітыкай няхай займаюцца палітыкі, а мая справа — стаяць у станка».

Але прэзідэнцкая кампанія абудзіла многіх, народ паверыў у Віктара Бабарыку, убачыў шанец на перамены.

Я 9 жніўня прагаласаваў у сталічнай школе №197 і разам з іншымі чакаў, калі члены выбарчай камісіі павесяць выніковыя пратаколы. Але мы так і не дачакаліся: праз чорны ход яны збеглі з участка. Мы тады міліцыю выклікалі. Праваахоўнікі прыехалі, зайшлі ў будынак і сказалі нам: «Акрамя вартаўніка ў будынку больш нікога няма».

На наступны дзень прыйшоў на працу з такімі перажываннямі, што нават не змог працаваць. І ўвесь цэх, у якім больш за чатырыста чалавек, зразумеў, што адбылося ў краіне.

— А калі на заводзе распачаўся страйк?

— Ён пачаўся пасля таго, як страйк разгарнуўся на «Беларуськаліі». Да таго ў чаце МТЗ было каля 80 чалавек, але іх станавілася ўсё больш і больш. У выніку прынялі рашэнне сабрацца і таксама вылучыць свае патрабаванні адміністрацыі прадпрыемства, бо людзі нават баяліся дадому з працы ехаць — можна было ў любы момант патрапіць пад дручкі сілавікоў, ніякіх гарантый не было.

12 жніўня адбылася сустрэча з дырэктарам завода, сабралася каля 300 рабочых, а яшчэ праз некалькі дзён на прадпрыемства прыехаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Перад гэтым ён быў на МАЗе, мы ўжо ведалі, што там ён вырашыў размаўляць з рабочымі без прадстаўнікоў СМІ. Таму яшчэ да прыезду прэм’ера паставілі адміністрацыі ўмову: прэса павінна прысутнічаць! Але ў выніку журналістаў да Галоўчанкі так і не пусцілі. Мы самі выходзілі да іх і распавядалі пра тое, што адбываецца на заводзе. А прэм’ер размаўляў з тымі, хто застаўся.

17 жніўня вырашылі сабрацца ля прахадной, з намі таксама звязаліся хлопцы з Мінскага завода колавых цягачоў і паведамілі, што да іх павінен прыехаць Аляксандр Лукашэнка. Каб падтрымаць калег з МЗКТ, пайшлі туды маршам. Па дарозе да нас і МАЗаўцы далучыліся.

— Чаму затым пратэсны рух рабочых не набыў сілы?

— Страйкам узначаліў Сяргей Дылеўскі, і я не скажу, што ў яго няма лідарскіх якасцей. Але ніхто не ведаў, як дзейнічаць. Мы думалі, што ў рабочых ёсць права на страйк у сувязі з палітычнай сітуацыяй. Аказваецца, наша заканадаўства такога не прадугледжвае.

17 жніўня дамовіліся, што пачынаем на заводзе збіраць подпісы за страйк, але людзей сталі вельмі моцна запалохваць. У выніку за страйк падпісаліся ўсяго 300-350 рабочых. Гэта, безумоўна, мізер для такога прамысловага гіганта, на якім працуе больш за 15 тысяч чалавек.

— А як узнікла ідэя стварэння на заводзе пярвічнай арганізацыі прафсаюза РЭП?

— Такая думка з’явілася пасля таго, як забралі на «суткі» Сяргея Дылеўскага. У страйкаме на той момант было 28 чалавек, адміністрацыя завода ведала ўсіх пайменна. Кожны дзень людзі пакідалі страйкам па розных прычынах: кагосьці запалохвалі, нехта сам пабаяўся звальнення. У выніку ў страйкаме засталіся ўсяго два чалавекі. Калі Дылеўскага пасадзілі, усе астатнія проста разбегліся хто куды.

Затым да мяне падышоў адзін з завадчан не з нашага цэха, які прапанаваў дзейнічаць праз прафсаюз.

Пачалі высвятляць, якія ў нас ёсць незалежныя прафсаюзы і ці ёсць яны наогул. У выніку спыніліся на прафсаюзе РЭП. Пагутарылі з Ігарам Комлікам, які з’яўляецца адным з лідараў. Там, безумоўна, былі рады, што да іх моладзь прыйшла, мы ўступілі ў гэтую арганізацыю.

— Колькі сябраў зараз налічвае ваша пярвічная арганізацыя?

— Каля 100 чалавек.

— Вам прадаставілі памяшканне?

— Не. З адміністрацыі МТЗ прыйшоў адказ: маўляў, памяшканне не дадзім, бо вас наогул не існуе.

— Што значыць «не існуе»?

— Справа ў тым, што наша «пярвічка» пакуль афіцыйна не зарэгістраваная. Для гэтага трэба мець юрыдычны адрас, а ў нас яго няма. Так выбудавана заканадаўства, хаця ў той жа Расіі рэгістрацыя прафсаюзнай «пярвічкі» адбываецца паводле паведамляльнага прынцыпу. Там не патрэбны ніякі юрыдычны адрас для таго, каб можна было ўступаць у перамовы з адміністрацыяй прадпрыемства. Нават трох чалавек дастаткова, каб была створана прафсаюзная група і можна было весці дыялог з кіраўніцтвам завода па праблемных пытаннях.

Таму сітуацыя атрымліваецца некалькі абсурдная. Наша пярвічная арганізацыя прынята на ўлік у прафсаюзе РЭП — арганізацыі, якая афіцыйна зарэгістраваная, але на заводзе нас не прызнаюць, бо нам яшчэ трэба зарэгістравацца.

— Адным словам, на сённяшні дзень вы знаходзіцеся ў нейкім паўпадпольным стане…

— Як у падполлі! Мы нічым не адрозніваемся ад страйкамаў «Беларуськалія» ці «Гродна-Азота». Яны быццам і ёсць, але ў той жа час афіцыйна іх таксама не існуе.

— Якія мэты і задачы ставіць ваша пярвічная арганізацыя?

— Асноўная задача — гэта прыцягненне новых сябраў. Чым нас больш, тым мы мацнейшыя і тым больш можам уплываць на адміністрацыю завода.

— Рэальна вы можаце абараніць рабочага, які звернецца да вас па дапамогу?

— У сённяшнім становішчы, калі законы не працуюць, не можам. Гэта горкая, але праўда. Калі захочуць звольніць, то звольняць, як гэта атрымалася са мной. А калі дружна выступім у абарону кагосьці, то проста «засвецім» людзей, а выніку ўсё роўна не будзе. Калі б у «пярвічцы» была хаця б тысяча чалавек, то, магчыма, да такой колькасці і прыслухаліся б.

— А за што вас звольнілі?

— 26 кастрычніка мінулага года мы збіраліся правесці сход рабочых, і ў той жа дзень мне паведамілі, што ў канцы змены я павінен падысці да начальніка цэха, які і азнаёміў мяне з дакументамі наконт майго звальнення. Маўляў, адсутнічаў на працоўным месцы.

Хацелі звольніць у той жа дзень, але не атрымалася, бо не было нават дакладной начальніка. Звольнілі крыху пазней, хаця са шматлікімі парушэннямі. Нават абхадны ліст не далі падпісаць. Я, натуральна, падаў у суд, зараз будзе разгледжана апеляцыя. Але шанцы аднавіцца на працы практычна нулявыя.

— Знайшлі сабе новае месца працы?

— Пакуль засяродзіўся на прафсаюзнай рабоце, але ёсць падпрацоўкі, бо я добры сантэхнік і зваршчык. А з такімі прафесіямі без працы і капейкі ніколі не застанешся.

— Вы падтрымліваеце нейкія стасункі з незалежнымі прафсаюзамі іншых прадпрыемстваў?

— Безумоўна. Пастаянна на сувязі з прадстаўнікамі «Беларуськалія», «Гродна-Азота», «БелАЗа», «Нафтана». На «БелАЗе», Мінскім маторным заводзе і МАЗе таксама ёсць прадстаўнікі прафсаюза РЭП, мы абменьваемся вопытам і напрацоўкамі.

Мы прааналізавалі сітуацыю і бачым, што зараз на некаторых заводах кадравы голад. На МАЗе, здаецца, 400 работнікаў неабходна, на МТЗ — 140. Высакакласных спецыялістаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, звольнілі, а зараз дзіркі неабходна закрываць. Хаця заробкі прапаноўваюць ужо меншыя, чым былі ў мінулым годзе. Таму зарплаты ў людзей зніжаюцца, а класны зваршчык, зразумела, за 700 рублёў на завод працаваць не пойдзе.

— А якія цяпер заробкі на трактарным заводзе?

— Розныя. Адметна, што іх павысілі ў тых цэхах і падраздзяленнях, дзе рабочыя бунтавалі.

— А як рабочыя МТЗ ставяцца да страйку?

— Так, як і на іншых прадпрыемствах: выступаюць толькі тады, калі моцна прыцісне. Людзей апошнім часам запалохалі, і яны будуць страйкаваць толькі ў выпадку, калі ўжо не будзе чаго есці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: