Міхаіл Жамчужны: Лісты з волі цяпер — на вагу золата

Апошнім часам у Жамчужнага з'явіліся праблемы з падачай скаргаў у суды. Фактычна, адміністрацыя калоніі пазбавіла палітвязня канстытуцыйнага права на абарону.
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.



У апошнім па часе лісце да віцебскіх праваабаронцаў палітвязень Міхаіл Жамчужны выказвае меркаванне, што грамадства губляе цікавасць да яго, паведамляецца на сайце "Віцебскай Вясны".

Моцная плынь карэспандэнцыі, якую атрымліваў годам раней, ператварылася ў рэдкія лісты. Жамчужны звязвае гэта з электаральнай кампаніяй, якая праходзіла ў Беларусі.

«Гэтыя выбары ўсіх маіх адрасантаў выбілі з сядла. Шчыра спачуваю ім. Разумею, як цяжка вытрымаць трохмесячны выбарчы марафон — як у якасці кандыдатаў, так і назіральнікаў на выбарчых участках», — выказвае сваё разуменне сітуацыі ў краіне Міхаіл Жамчужны.

«Так, сапраўды, палітвязень Жамчужны неаднаразова паведамляў мне ў лістах пра тое, што інтэнсіўнасць ліставання з грамадзянскімі актывістамі заўважна паменшылася. Цяпер лісты з волі, са словаў Міхаіла, сталі «на вагу золата». Цяпер яны прыходзяць радзей, кола падтрымкі і ўвагі грамадзкасці да зняволенага звузілася», — мяркуе праваабаронца з Віцебску Леанід Свецік.

Апошнім часам у Жамчужнага з'явіліся праблемы з падачай скаргаў у суды. Фактычна, адміністрацыя калоніі пазбавіла палітвязня канстытуцыйнага права на абарону.

«Цяпер блакуюць маю перапіску з судамі, патрабуючы даклейваць марку за 5 капеек. Заявы вяртаюць, тэрміны абскарджання канчаюцца, і рашэнні набываюць законную моц. А гэтую марку мне ўзяць няма дзе! Сітуацыя бязвыхадная…» — паведамляе ў лісце палітвязень.

Жамчужны лічыць, што такія абмежаванні звязаныя з тым, што ён выпрацаваў правільную стратэгію абароны ў судах.

Палітвязень высока ацэньвае працу ўсіх праваабаронцаў, бо ад 2014 года аніводны грамадзянскі альбо палітычны актывіст не быў асуджаны на зняволенне.

«Я, знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі і супрацоўнічаючы з праваабаронцамі ад жніўня 2014 году, пераследаваў адзіную мэту — каб палітвязняў у Беларусі больш не было», — піша Міхаіл Жамчужны.

У апошнія дні снежня, перад чарговай пасадкай у ШІЗА, Міхаіл Жамчужны паспяшаўся павіншаваць усіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі з цудоўнымі зімовымі святамі: «Жадаю ўсім здароўя! Жыве Беларусь!»


Лісты дасылайце на адрас:

213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь
Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу


spring96.org, vitebskspring.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: