Міхаіл Жамчужны павіншаваў беларусаў з Днём Волі

«Жыве Беларусь! Жыве вечна! Жыве з Богам!» – напісаў у лісце да віцебскіх праваабаронцаў палітвязень Міхаіл Жамчужны. Ён віншуе з Днём Волі ўсіх беларускіх патрыётаў і распавядае пра жыццё ў калоніі. Ліст ад палітвязня прыйшоў напярэдадні свята з нагоды 101-й гадавіны БНР.

Міхаіл Жамчужны

«У мяне ўсё добра. Здароўе ў парадку. Настрой баявы», – паведамляе ў лісце віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №9 (г. Горкі, Магілёўская вобласць). Просіць таксама прабачэння ў людзей, з якімі перапісваецца пастаянна – некаторыя лісты да яго папросту не даходзяць.

«Апошні ліст ад праваабаронцы Тацяны Равякі я не атрымаў. На яго адміністрацыяй калоніі быў складзены акт аб знішчэнні “за шкоду, прычыненую дзяржаве, грамадскім аб'яднанням і прыватным асобам”. А лісты ад Л. Свеціка і Н. Лойкі былі знішчаныя без складання акту» – распавядае пра ситуацыю з уваходнай карэспандэнцыяй палітвязень.

Выказвае таксама гонар, што да яго часта пішуць былыя палітвязні Зміцер Паліенка, Мікалай Дзядок, Павал Севярынец, а таксама грамадзянская актывістка Вольга Нікалайчык. Больш за тое, ужо другі год падтрымлівае палітвязня частымі цёплымі лістамі 10-гадовы хлопчык Якуб Шэйн з Мінску.

Праз намаганні Міхаіла Ігаравіча за апошні год у калоніі адбыліся прыкметныя перамены. Змянілася амаль усё кіраўніцтва, нават начальнік медчасткі.

Знаходзячыся ў экстрэмальных умовах, абараняючы сябе, палітвязень працягвае падаваць скаргі на ўмовы свайго ўтрымання. Адна скарга ва ЎДВП МУС па Магілёўскай вобласці тычылася зняцця з яго незаконнага палажэння прафілактычнага ўліку як »экстрэміста». Адказу пакуль не атрымаў.

Іншая скарга, пададзеная ў тое ж ЎДВП, была звязаная з выдачай медчасткай калоніі даведкі аб магчымасці змяшчэння палітвязня ў штрафны ізалятар на 100 сутак запар (у Жамчужнага ўжо больш за 400 сутак у ШІЗА за час адбыцця пакарання). У выніку быў звольнены начальнік медчасткі, а Міхаіл атрымаў ад адміністрацыі тры месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу), дзе рэжым не такі жорсткі, як у штрафным ізалятары.
Міхаіл Ігаравіч распавядае ў лісце, што ўвесь час піша артыкулы на праваабарончыя тэмы ў незалежныя СМІ. У прыватнасці, напісаў вялікі артыкул у «Народную волю», падрыхтаваў ужо матэрыял пра карупцыю для «БелГазеты». Вялікія надзеі ўскладае на прарыў інфармацыйнай ізаляцыі ў сувязі з тым, што дырэктарам «БелГазеты» стаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

На завяршэнне Міхаіл Жамчужны просіць перадаць усім беларускім патрыётам ягоныя віншаванні з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. «Жыве Беларусь! Жыве вечна! Жыве з Богам!» – піша з турмы Міхаіл Жамчужны.

vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!