Мікалай Аўтуховіч: Усё ідзе да лагічнага завяршэння

Мінчанка Аксана Сцяпанава падзялілася з «Новым Часам» лістом, які прыйшоў ад абвінавачанага ў тэрарызме Мікалая Аўтуховіча, якога ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Публікуем вытрымкі з яго.
Да Мікалая Аўтуховіча лісты даходзяць літаральна ад некалькіх чалавек, яшчэ менш вяртаецца адказаў.

«...Ты ж ведаеш, што мне прыходзяць лісты ад вузкага кола асобаў. Але чамусьці мне здаецца, што я змагу прачытаць усе лісты, якія да мяне не дайшлі, таму няхай пішуць!» — заклікае вязень.

З ліста Мікалая Аўтуховіча можна зразумець, што ён не сумняваецца ў тым, што неўзабаве апынецца на волі.

«Я ніколькі не сумняваюся, што ўсё будзе добра, дзякуй за падтрымку! Можна нават не ведаць усіх тонкасцяў, але і так відавочна, што любы наступны рух толькі ўзмацняе сітуацыю. Таму не варта загружаць сябе, усё ідзе да лагічнага завяршэння».

Мікалай Аўтуховіч просіць тых, хто на волі, трымацца і не сумаваць. Сам ён піша, што «і не думае ўпадаць у адчай».

«Я наадварот, радуюся, калі гляджу тэлевізар, бо паміж радкоў усё і так зразумела», — заканчвае ліст зняолены.

Нагадаем, былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Яго абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці — падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Аўтуховічу прад’явілі абвінавачанне па арт. 289 КК — «Акт тэрарызму».

Разам з Мікалаем затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх — праваслаўны святар Сяргей Разановіч, яго жонка і сын. Таксама па справе праходзяць 59-гадовая Галіна Дзербыш з Абухава і грамадская актывістка Вольга Маёрава, якую прызналі палітзняволенай.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і актывіст з Ваўкавыска. 7 ліпеня 2006 года быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі.

Аўтуховіч быў адным з шасці палітвязняў, якіх вызвалілі ў выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС. Але 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі нібыта за захоўванне зброі. Мікалая вызвалілі 8 красавіка 2014 года пасля адбыцця тэрміну.

Адрас для лістоў Мікалаю Аўтуховічу: Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, 220 050

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: