Мікалай Дзядок падаў у суд на СБ: «Хачу прыцягнуць увагу да хлусні дзяржСМІ»

Мікалай Дзядок звярнуўся ў суд Савецкага раёну Мінску з пазовам да рэдакцыі газеты "СБ. Беларусь сегодня" аб абароне гонару і годнасці, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды.

У сваім пазове былы палітвязень адзначае, што ў артыкуле "Анархія, маці ...", які выйшаў 29 мая 2017 на інтэрнэт-сайце газеты за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, была змешчана наступная інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці:

«Нагадаю, што Дзядок атрымаў свой тэрмін за атаку« кактэйлямі Молатава» расійскай амбасады ў Мінску. Гэта, калі хто яшчэ не зразумеў, «акцыя» — так гэта называлася, здаецца, у баявых эсэраў Савінкова?».

Паводле прысуду суда Заводскага раёна г. Мінска ад 27 мая 2011 года, Мікалай Дзядок не быў асуджаны за тыя дзеянні, на якія спасылаецца аўтар артыкула.

Таксама заяўнік адзначае, што далей па тэксту ў артыкуле тыя дзеянні, за якія нібыта ён быў асуджаны, параўноўваюцца з тэрарызмам.

«Улічваючы вельмі негатыўнае меркаванне пра тэрарыстаў у грамадстве, я лічу падобную рэмарку адносна сябе абразлівай і ганьбуючай маё добрае імя, напісанай з мэтай дыскрэдытаваць мяне і анархісцкага руху Беларусі, тым больш, што артыкул, па якім я быў асуджаны ў 2011 годзе, не ўтрымлівае ў сваёй дыспазіцыі «прыкмет тэрарызму»», — адзначае ў пазове былы палітвязень.

Мікалай Дзядок лічыць, што інтэрнэт-сайт газеты "СБ Беларусь сегодня" распаўсюдзіў звесткі, якія прыніжаюць яго гонар і годнасць, і ступень іх распаўсюджвання вельмі высокая, таму што выданне з'яўляецца найбольш масавай дзяржаўнай газетай і недакладная інфармацыя стала вядомая мноству людзей.

Ён просіць суд прызнаць, што звесткі, напісаныя ў выданні, не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар і годнасць, абавязаць рэдакцыю газеты "СБ Беларусь сегодня" і аўтара артыкула выдаліць няслушныя дадзеныя і апублікаваць на галоўнай старонцы інтэрнэт-сайта газеты абвяржэнне дадзенай інфармацыі. А таксама спагнаць на яго карысць з рэдакцыяй газеты і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Мікалай Дзядок падзяліўся з ПЦ "Вясна" сваімі чаканнямі:

«У мяне няма веры ў тое, што дзяржаўная сістэма можа эфектыўна абараняць правы чалавека Тым больш такая, як у Беларусі Таму мой зварот у суд не з'яўляецца прызнаннем легітымнасці гэтай дзяржавы. Гэта, хутчэй, сродак прыцягнуць увагу да хлусні дзяржСМІ і нагадаць Андрэю Мукавозчыку аб адказнасці за свае словы».
Нагадаем, Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска 27 мая 2011 года на 4,5 года зняволення паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса ("хуліганства, учыненае групай асобаў"). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: