Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з ІЧУ Брэста

Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з ІЧУ Брэста пасля адбыцця арышту за пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.


Палітык у чарговы раз быў арыштаваны на пяць сутак. Гэтым разам Мікалай Статкевіч быў асуджаны да зняволення ў Брэсце за салідарнасць з жыхарамі горада, якія змагаюцца з будаўніцтвам акумулятарнага заводу. Рашэнне пра арышт вынес суд Ленінскага раёна Брэста.

Нагадаем, Статкевіча затрымалі 14 кастрычніка на акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. Разам з палітыкам былі арыштаваныя блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў і некалькі актывістаў.


15 кастрычніка палітык быў асуджаны на пяць сутак арышту. Мікола Статкевіч адразу адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. Ён заявіў суддзі, што не лічыць гэты суд законным. «Я і вас прыехаў ад гэтага свінцу абараняць. Вы самі сябе не паважаеце і пры гэтым хочаце, каб я вас паважаў», — заявіў тады палітык.

Той жа суд за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года прысудзіў па пяць сутак арышту блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву.

Таксама міліцыя непасрэдна каля брэсцкага РАУСа спрабавала затрымаць для “ўручэння павесткі” Яўгена Скрабца, Валера Фамінскага, Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука. Пра гэта напісала ў сваім фэйсбуку жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.


Фота канала "Баста"

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!