Мікалай Шарах: Самая вялікая праблема ў Беларусі — кантрактная сістэма

Калі працоўныя не будуць баяцца бараніць свае правы, незалежны прафсаюз — гэта дзейная сіла, здольная на вялікія пераўтварэнні. Пра гэта распавёў Радыё Рацыя старшыня Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах.

Мікалай Шарах жыве ў Полацку, і ягоны ўдзел у мясцовым незалежніцкім грамадскім жыцці пачаўся яшчэ за савецкім часам, у гады так званай “перабудовы”.

Ён быў удзельнікам культурна-гістарычнага клубу “Вытокі”, адным з першых полацкіх сябраў Беларускага Народнага Фронту і ўваходзіў у лік стваральнікаў полацкай грэка-каталіцкай грамады.

30 гадоў ён адпрацаваў на ААТ “Полацк-Шкловалакно”, добраахвотна адмовіўся ад адміністратыўнай кар’еры і стварыў у сваім цэху “пярвічку” СПБ.

Прадстаўніцтва гэтага прафсаюзу на прадпрыемстве пачыналася з 4-х чалавек, а ўсяго за гады існавання суполкі праз яе прайшлі каля тысячы чалавек.

Каб знайсці падставы для звальнення прафсаюзнага лідара, кіраўніцтва ААТ “Полацк-Шкловалакно” перарабіла працоўную дамову, і з Мікалаем Шарахам не працягнулі кантракт, калі яму заставалася 2 гады да пенсіі. Але дзейнасць Свабоднага прафсаюзу задушыць не ўдалося: да полацкіх прадстаўнікоў СПБ звяртаюцца нават рабочыя з іншых гарадоў.

Незалежныя прафсаюзы здольныя бараніць правы працоўных толькі тады, калі самі працаўнікі не баяцца пратэставаць, адзначае Мікалай Шарах:  

Самая вялікая праблема ў Беларусі — кантрактная сістэма. Калі чалавек жадае працягнуць кантракт, але не можа ніяк уплываць на гэта, або калі ён хоча звольніцца, і таксама не можа. Мы аказваем бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, юрыдычную дапамогу. І дзейнасць прафсаюза вельмі важная тым, што гэта дзейнасць саміх работнікаў. Прафсаюз — гэта структура саміх працоўных. Ён ствараецца знізу для дасягнення мэтаў у абароне правоў. Прафсаюз толькі інструмент у працоўных адносінах.

Прафсаюзы без удзелу работнікаў нічога зрабіць не могуць. Таму не трэба чакаць, што прафсаюзы зробяць рэвалюцыю ў Беларусі, страйк усебеларускі ці што іншае. Не зробяць, бо самі работнікі не ўваходзяць у склад незалежных прафсаюзаў і таму не могуць скарыстацца гэтым інструментам.

Калі ж працоўныя не будуць баяцца бараніць свае правы, незалежны прафсаюз — гэта дзейная сіла, здольная на вялікія пераўтварэнні. Узорам гэтага стала “Салідарнасць” у Польшчы, і таму беларускія ўлады баяцца абурэння працаўнікоў, лічыць Мікалай Шарах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!