Мікалая Аўтуховіча зноў псіхалагічна запалохваюць

Мікалай Аўтуховіч, былы палітвязень і прадпрымальнік з Ваўкавыска, адчуў новую хвалю псіхалагічнага ціску.



Сустрэчы з ім праз розных знаёмых шукаюць супрацоўнікі крымінальнай міліцыі.

Прадпрымальнік не выключае, што ўлады рыхтуюць супраць яго новую правакацыю, а магчыма, і пачатак чарговай крымінальнай справы, звязанай з выбухоўкай.

— Знойдуць такіх трох сведкаў, якіх-небудзь кручковых, якіх злавілі за наркотыкі. Вось яны і скажуць: “Так, тут Аўтуховіч сказаў закапаць”. Я не ведаю, што ўвогуле робіцца. Бо, акрамя таго, на старонцы “Аднакласнікі”, куды я вельмі рэдка заходжу, бачу паведамленні некаторых людзей. Напрыклад, прывітанне ад амонаўца ў масцы, які мне рукой махае.


Мікалай Аўтуховіч думае, што падобным чынам  яго, магчыма, хочуць запалохаць, каб ён менш праяўляў актыўнасць у грамадскім і палітычным жыцці ды не “варушыў” свае старыя справы.


Нагадаем, што ў 2010 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на пяць гадоў і два месяцы пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў для паляўнічай вінтоўкі. Самыя цяжкія абвінавачанні — у падрыхтоўцы тэракту ў дачыненні да чыноўнікаў і падпалу дома міліцэйскага начальніка — суд палічыў недаказанымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: