Мікіту Емельянава спрабуюць пакінуць без сувязі за адмову супрацоўнічаць з органамі

Грамадскі актывіст Зміцер Паліенка паведаміў, што Мікіта Емельянаў, які знаходзіцца ў СІЗА-1, не атрымлівае ад яго лістоў з волі. Ніводны з 15 адпраўленых Паліенкам Емельянаву лістоў і паштовак не быў дастаўлены. Пры гэтым Дэпартамент выканання пакаранняў сцвярджае, што карэспандэцыі на адрас вязня ад актывіста не паступала. 

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе, які Паліенка атрымаў на свой запыт.


Пры гэтым, як сцвярджае актывіст, лісты ён заўсёды адпраўляе з паведамленнем, і бачыць, што яны былі дастаўленыя на Валадарскага.


Паплечнікі Мікіты Емельянава заклікаюць усіх неабыякавых пісаць яму, а таксама скардзіцца ў ДВП і пракуратуру.

Адрас пракуратуры: вул. Ракаўская 38, 220004, г. Мінск
Адрас Дэпартамента выканання пакаранняў: вул. Брылеўская, 14а, 220039, г. Мінск. Электронная пошта: pismo_din@mia.by

Напісаць Мікіту можна па адрасе:

Емельянаў Мікіта Уладзіміравіч, Беларусь, г. Мінск, СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, камера-78, 220030

Пісаць варта першым класам альбо заказным лістом, і пажадана з паведамленнем. Так у інтэрнэце можна адсачыць яго ход, і гэта важкая прычына для напісання скаргі.

Таксама ў інтэрнэце запушчаны флэш-моб "Свабоду Мікіту Емельянову"— #free_Emelianov, дзе кожны можа сфатаграфавацца з плакатам са словамі падтрымкі Мікіту. Пазней сябры вязня збяруць фатаграфіі разам і адправяць іх Мікіту, каб паказаць, што ён не адзіны.

Нагадаем, Мікіта Емельянаў разам з Іванам Камаром былі затрыманыя 20 кастрычніка. Супраць іх узбуджаны дзве крымінальныя справы. Адна з іх — па артыкуле 218 ч.2 КК РБ «Наўмыснае пашкоджанне або знішчэнне маёмасці». Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Другі артыкул, па якім абвінавачваюць юнакоў, — 341 КК РБ «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». Па гэтым артыкуле хлопцаў могуць арыштаваць на тэрмін да 3-х месяцаў. Паводле інфармацыі tut.by, справа тычыцца інцыдэнту, які адбыўся яшчэ ў верасні. Невядомыя закідалі будынак Мінгарсуда лямпачкамі з фарбай, а ў кастрычніку хтосьці шпурнуў кактэйль Молатава ў бок СІЗА на Валадарскага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: