Мікола Папека: Мы адбудзем свае тэрміны, а ім з іх прысудамі давядзецца жыць да канца дзён

Перадапошняе пасяджэнне Брэсцкага раённага суда па «карагоднай справе» чацвёртай групы абвінавачаных прайшло 2 чэрвеня. Адбыліся спрэчкі дзяржаўных абвінаваўцаў і дванаццаці падсудных. Прысуд будзе вынесены 8 чэрвеня а 16-й гадзіне.
 Дэманстрацыя ідзе ад плошчы Леніна. Верасень 2020 года

 Дэманстрацыя ідзе ад плошчы Леніна. Верасень 2020 года

Падсудных па «карагоднай справе» вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь). Пракуроры запыталі для Паліны і Андрэя Ляшко, Святланы Марчук, Марыны Дарашук, Алесі Крамчанінай, Вікторыі Каральчук, Вольгі Глушань і Рамана Дземідовіча 1 год і 6 месяцаў так званай «хатняй хіміі» (без накіравання ў пенітэнцыярную ўстанову), для бацькі і сына Арсенія і Яўгена Сінякоў, Міколы Папекі і Рамана Яхіна — два гады «хіміі».

Паэт-пчаляр з-пад Пружан Мікола Папека сказаў, што на спрэчках ішлося пра чалавечнасць і сувымернасць агучанага парушэння і меркаванага пакарання. «Узяць сямейную пару Ляшко. У іх двое малых дзяцей, яна цяжарная трэцім, — распавёў ён. — Калі Андрэя пасадзяць, як ёй быць з трыма дзецьмі?»

Мікола Папека (злева) і Андрэй Ляшко перад судом.

Таксама ён зазначыў, што матэрыяльныя страты ад тых «беспарадкаў» — нязначныя і даўно пагашаныя. «Акурат таму, колькі я ні хадайнічаў, ніхто ў судзе тую матэрыяльную шкоду не заявіў. Прысудзяць нам тэрміны — мы адбудзем, а ім з іх прысудамі давядзецца жыць да канца дзён».

Пракуроры ў гэтай справе лічаць масавымі беспарадкамі шматтысячную маніфестацыю 13 верасня 2020 года. Пратэстоўцы супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў пасля таго, як іх не пусцілі на традыцыйнае месца акцыі — плошчу Леніна — прайшлі праспектам Машэрава да скрыжавання з бульварам Касманаўтаў і там цягам гадзіны ладзілі карагоды і спявалі песні.

Калі б адбыўся дыялог паміж імі і прадстаўнікамі ўлады, гэта быў бы другі такі выпадак у найноўшай гісторыі горада. Першы быў 16 жніўня, калі на плошчы Леніна сабралася каля 40 тысяч месцічаў, з якімі гаварыў гарадскі «галава» Аляксандр Рагачук. Цытаваліся яго словы, што вуліцы і плошчы Брэста належаць брэстаўчанам. Але праз месяц нехта з больш высокіх прыступак улады пасмяяўся з Рагачука, і ўпершыню ў гісторыі горада яго жыхароў і гасцей разагналі вадамётам. А цяпер беспрэцэдэнтна масава судзяць.

Шкоду ад блакіроўкі руху заявілі тралейбусны і аўтобусны паркі — 619 рублёў 55 капеек і 40 рублёў 37 капеек адпаведна. Яна была пагашана падсуднымі салідарна яшчэ летась. Усяго па «карагоднай справе» праходзяць каля ста чалавек. Ужо асуджаныя каля паловы. Прысуды сягаюць ад так званай «хатняй хіміі» да зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Фота з агульнадаступных крыніц.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: