Мікола Папека: «Пчольнік два гады бадай што не вытрымае, а я да ААН дайду»

Брэсцкі раённы суд вынес вердыкт у справе чацвёртай групы «карагоднікаў». Суддзя Сяргей Маручак цалкам прадубляваў вымогі дзяржаўных абвінаваўцаў. Паэту-пчаляру ён прысудзіў 2 гады выязной «хіміі».

Мікола Папека, іншыя «карагоднікі» і іх блізкія перад пасяджэннем суда


Нагадаю, каля сотні жыхароў Брэста і ваколіц тутэйшыя суды судзяць за несанкцыянаваны пратэст супраць адыёзных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, які адбыўся 13 верасня ў форме карагоду і спеваў на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Акцыя была разагнаная вадамётам. Напярэдадні яе міліцыянты і АМАП выцеснілі пратэстоўцаў з традыцыйнага месца мітынгу — плошчы Леніна. Улады адмовіліся ад дыялогу з тысячамі грамадзян, якія пратэставалі мірна. Цяпер суды не ўлічваюць гэтыя абставіны і выносяць жорсткія прысуды.

«Маручак нікому не ўлічыў нейкае змякчэнне, усім напісаў, што прасілі абвінаваўцы, — пракаментаваў Мікола Папека і адразу паправіўся: — Ды не, што я кажу: дазволіў цяжарнай жонцы Андрэя Ляшко не ўставаць у судзе. А мужу ўпаяў запытаныя пракурорамі паўтара года “хіміі” з накіраваннем у калонію, і застанецца яна сам-насам з двума маленькімі дзецьмі, а неўзабаве і трэцяе дадасца. Былі, не былі ў тым карагодзе — гэта справа дзясятая. Галоўнае — паказальна пакараць».

Дакладна прысуды вынесеныя такія. Паліна і Андрэй Ляшко атрымалі паўтара года «хіміі», — «хатняй» для жонкі і з выездам для мужа. Святлана Марчук, Марына Дарашук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук, Вольга Глушань і Раман Дземідовіч — 1 год і 6 месяцаў так званай «хатняй хіміі» (без накіравання ў пенітэнцыярную ўстанову), бацька і сын Яўген і Арсеній Сінякі, Раман Яхін — 2 гады «хатняй хіміі», Мікола Папека — два гады «хіміі».

Жыхар Лінова з-пад Пружанаў Папека са сваім прысудам не згодны. «Памылак багата яны нарабілі. Ніякіх экспертыз не праводзілі. Фотаздымкі нейкія чорныя прад’яўлялі, на іх людзі зусім іншыя, чым той самы Андрэй або я. Гэта яшчэ ад следчых так прыйшло, тыя ляпілі, як ім пад руку нехта казаў. І суд — суда не было. Рашэнні былі прынятыя ў іншым месцы».

Брэсцкая Феміда спінай да «карагоднікаў»


Спадар Папека згадвае, што адказалі яму на патрабаванне азнаёміць з матэрыяламі справы на роднай яму беларускай мове: «Пракурор Саўчук напісаў, маўляў, Вы ж ведаеце, мы замежнікаў судзім, яны беларускай мовы не разумеюць. Таму карыстаемся ў судах рускай».

Суд не ўлічыў, як індывідуальны прадпрымальнік Папека зарабляе сабе хлеб надзённы. Фактычна, гэта выльецца ў дадатковае пакаранне — забарону на прафесію пчаляра, банкрутаванне бізнесу. «Пчольнік два гады бадай што не вытрымае без сталай увагі, — разважыў паэт-пчаляр. — Але я пазмагаюся. Абскарджу, да ААН дайду».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: