
Мікола Аляхновіч вядомы як шматгадовы дэкан філалагічнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта, беларусавед са ступенню кандыдата філалагічных навук, але і як паэт і перакладчык. Ён аўтар трох кніг паэзіі і адной кнігі перакладаў з польскай, венгерскай, украінскай і рускай моў. Спадар Аляхновіч некалькі разоў быў з навуковай місіяй у Венгрыі, адкуль прывёз беларусам між іншымі вершы Ласло Коласа.
Літаратары “Берасцейскага вогнішча”, запаленага колісь прафесарам Уладзімірам Калеснікам, абралі Міколу Аляхновіча старшынём мясцовага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Адазваўся на такое прысуджэнне Мядовай паэт і журналіст Мікола Пракаповіч: “З Калеснікавых вучняў выйшлі некалькі значных творцаў, знакавых людзей, якія кожны сказалі сваё адметнае слова. Зборнік варты прэміі”.

У “Вясновым роздуме” цэлая падборка адведзена пад прысвячэнні. Аднаму са “знакавых людзей”, Алесю Каско, прысвечаны верш “Досвітак”: “…Заглушана, зацемрана былое, \\ прыціснута — не ўзняць і галавы. \\ Ды стаў празорца ўжо за аналоем, \\ вадой святою кропіць паплавы. \\ І з-па-над Нёмна, з-па-над Шчары коні — \\ Успененыя — ратнікаў нясуць. \\ Як спадчыну, мазольныя далоні \\ трымаюць дзіду, вострую касу. \\ Шалёны скач… А насустрэчу — “Хто вы?” \\ Ў тумане сотні — Я, і сотні — ТЫ! \\ Суровы гімн вызвоньваюць падковы, \\ расу-слязу збіваюць капыты.”
Сугучныя назову шматлікія філасофскія мініяцюры зборніка. “Не ўсё, што спавяданне перад Богам, \\ Ёсць споведдзю перад сабой”. “А мне ад цябе \\ аблокаў не трэба: \\ Ты проста \\ маё \\ высокае неба.” Апошні мініверш гэта такі сабе масток у чыста лірычнае. А яго таксама шмат у зборніку. Лірычныя вершы часта напрамую адрасаваныя жонцы, якая пайшла з жыцця даўно, але дыялог з ёй аўтару не спыняецца намаўляць яго сэрца.
Ушанавала сёлетняга лаўрэата невялікая дэлегацыя Берасцейскага аддзялення Саюза Беларускіх пісьменнікаў у яго дома. Гэта не з-за каронавірусу і забароны публічных мерапрыемстваў. Неўзабаве пасля таго, як зборнік быў надрукаваны, аўтар захварэў, а бліжэй да лета і ўвогуле злёг — інсульт прыйшоў паўторна.

Два Міколы — Папека (бязвусы) і Пракаповіч.