Мікола Статкевіч агучыў план «Маршу абураных беларусаў» 17 лютага

Арганізатары «Маршу абураных беларусаў» супраць дэкрэту аб «дармаедах» апублікавалі план акцыі.

Мікалай Статкевіч выказаў думку, што марш 17 лютага збярэ больш удзельнікаў, чым звычайныя акцыі апазіцыі.

«Беларускі нацыянальны кангрэс вырашыў агучыць свой план правядзення "Маршу абураных беларусаў“, які пачнецца 17 лютага ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінску. На пачатку маршу адбудзецца народны сход, на якім будуць прынятыя патрабаванні да ўлады і вызначаны тэрміны іх выканання. Сам марш пройдзе па галоўным праспекце сталіцы да будынку Міністэрства падаткаў і збораў, дзе ўдзельнікі акцыі выкажуць стаўленне да падатку на беспрацоўных і прымуць рашэнне пра свае дзеянні, калі ўлада ня пойдзе насустрач патрабаванням народу», — напісаў у сваім Фэйсбуку ініцыятар правядзення акцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

— Мы ідзём на друкаванне плану, каб людзі ня думалі, што тут будзе нешта нечаканае, — адзначыў у камэнтары Свабодзе Мікалай Статкевіч, — Але гэта толькі наша прапанова — удзельнікі маршу могуць і не пагадзіцца. Мы будзем галасаваць.

— На якую колькасць удзельнікаў акцыі вы разлічваеце?

— Прагнозы — справа ня ўдзячная, але ў мяне ёсць упэўненасць, што іх будзе больш, чым звычайна — больш, чым было на акцыях у апошнія гады. Бо мы назіраем пэўную актыўнасць і ў сацыяльных сетках, і пры асабістых кантактах, а галоўнае, адчуваецца жаданне людзей самім нешта зрабіць.

— Ці рэагуе ўлада на пагрозу акцыяў пратэсту супраць дэкрэту № 3?

— Яны гэтага вельмі баяцца. Там, дзе яны маглі зрабіць нешта фармальна, яны зрабілі. Там, дзе падаваліся прашэнні аб дазволе пратэставаць супраць дзеянняў улады, гэтыя прашэнні не задаволены. Акцыі не дазволены ва ўсіх абласных цэнтрах і, безумоўна, ня будзе дазволеная і акцыя 15 сакавіка. Мы ніякай забароны ня маем, бо мы прашэнняў не падавалі. Мы кіруемся канстытуцыйным правам — у нас ёсць правы на масавыя сходы і акцыі. Заканадаўства наша супярэчыць Канстытуцыі, і мы ім не кіраваліся. Мы публічна папярэдзілі ўлады пра свой намер правесці марш: я, Уладзімер Някляеў і Яўген Афнагель прынеслі папярэджанне ў Менгарвыканкам аб намеры правесці акцыю за 7 дзён да яе правядзення. Гэта зроблена, каб улада магла падрыхтавацца (асфальт падмесці ці яшчэ што) і каб людзі ведалі, хто ўзяў на сябе адказнасць за акцыю і хто ёй кіруе. Ніякай адмоўнай рэакцыі мы не атрымалі, таму будзем лічыць, што акцыя не забаронена.

— У сацыяльных сетках выказвалася думка, што нібыта не хапае інфармацыі пра марш — акцыя недастаткова рэкламуецца. Ці займаліся вы гэтым адмыслова?

— Так. Былі налепкі, улёткі. Мы разлічваем на дапамогу незалежных сродкаў масавай інфармацыі, але мы ня можам тут нікога прымусіць. Мы зрабілі тое, што маглі ў гэтай сітуацыі. Я ўпэўнены, што тыя людзі, якіх наўпрост тычыцца гэты ганебны дэкрэт аб падатку з беспрацоўных — большасць гэтых людзей пра акцыю ведаюць. Я ўжо атрымліваў інфармацыю з Горадні і Магілёва — адтуль, дзе ў адказ на забарону акцыі арганізатары адмовіліся яе праводзіць, людзі таксама збіраюцца ехаць у Менск 17 лютага.

— На мінулым тыдні Мікалай Аўтуховіч выступіў з заклікам не выходзіць на акцыі супраць дэкрэту № 3 — маўляў, гэта будзе «халасты стрэл» і ня трэба праз новыя штрафы прыносіць у казну Лукашэнкі грошы. Як вы пракамэнтуеце гэтае меркаванне?

— Заўсёды перад правядзеннем акцыяў з'яўляецца шмат каментатараў такога кшталту. Я іх выказванні звычайна не камэнтую.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: