Міколу Дзядка аштрафавалі на 40 базавых за публікацыі ў сацсетках

Міколу Дзядка судзілі адразу па трох справах, усе яны тычыліся парушэння часткі 2 арт. 17.11 КаАП. Гэта ўжо чацвёрты суд над ім за экстрэмізм у сацсетках.


Артыкул, паводле якога судзілі нашага калегу, тычыцца вырабу, распаўсюду і (альбо) захоўвання экстрэмісцкіх матэрыялаў. Усе тры справы аб адміністрацыйным правапарушэнні паступілі ў суд Фрунзенскага раёна цягам сакавіка, іх аб’ядналі ў адну вытворчасць. Напачатку працэсу Мікола хадайнічаў аб азнаямленні з матэрыяламі справаў, бо раней у яго такой магчымасці не было.

Паводле іх, 14 лютага Мікола Дзядок размясціў на сваёй старонцы УКантакце матэрыялы з подпісам «А*АВ», які ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 25 лютага размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота з такім жа надпісам. 24 сакавіка з ім жа размясціў фота ў сацсетках УКантакце, Твітар, Фэйсбук. Доступ да матэрыялаў не абмежаваны, што супрацоўнікі міліцыі палічылі публічным дэманстраваннем і распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Мікола патлумачыў у судзе, што мэтай рэпосту УКантакце са старонкі «Прамень» было заявіць, што супрацоўнікаў міліцыі, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, вызваляюць раней належнага часу.

Дзядок адзначыў, што, па-першае, складзены на яго за гэта пратакол не мае юрыдычнай моцы, бо напісаны непісьменна. У ім не ўказана месца працы і няправільна пазначана адукацыя, не сказана, пра якую канкрэтна выяву ідзе гаворка. Па-другое, экстрэмісцкай прызнана абрэвіятура «А*АВ», з загалоўнымі літарамі, раздзеленымі кропкамі. А ў рэпосце на старонцы Міколы быў хэштэг – рашотка і 4 малыя літары – гэты надпіс не з’яўляецца экстрэмісцкім.

«Гэта розныя надпісы. Такім чынам можна за любы надпіс, дзе ёсць спалучэнне такіх літар, заводзіць адміністрацыйныя справы», — зазначыў Мікола Дзядок.

Па словах Дзядка, вышэй згаданы пратакол прад’явілі яму 4 сакавіка пасля затрымання, якое адбылося пасля чарговага суда па тым жа артыкуле. «Двое супрацоўнікаў [міліцыі] зацягнулі мяне ў аўтобус і сталі пхаць нейкую паперу і патрабаваць падпісаць. Я не мог азнаёміцца з ім, таму нічога не падпісаў», — распавёў падсудны.

Другая справа тычыцца допісу Міколы ў Фэйсбуку. Дзядок зрабіў фота ля помніка Дзяржынскаму з плакатам з надпісам «А*АВ».

«Я прымаў удзел у флэшмобе #яэкстрэміст, каб выступіць супраць закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, па якім у Беларусі пераследуюць усіх нязгодных. Гэты закон абсурдны і супярэчыць усім правам чалавека, у тым ліку прапісаным у Канстытуцыі. Якое дзяржава мае права дыктаваць, якія літары забараняць, а якія не? Ніякай пагрозы грамадству гэты надпіс не нясе. Цяпер забараняюць абрэвіятуры, якія да ўнясенне ў экстрэмісцкі спіс амаль нікому не былі вядомыя. Гэта субкультурны шыфр, які да нядаўняга часу быў вядомы толькі ў вузкіх колах моладзі. Але міліцыя на яго вельмі крыўдзіцца», — патлумачыў Мікола.

Па яго словах, на апублікаваным фота надпіс таксама не супадае з прызнаным экстрэмісцкім, паколькі на ім няма кропак. З гэтым пратаколам яго спрабавалі азнаёміць у час, калі ён сядзеў у РУУС у пакоі для затрыманых — «стакане».

У трэцяй справе гаворка ішла пра фота стыкера на слупе ў Ерусаліме, на якім аказаўся згаданы вышэй надпіс, і якое Мікола выклаў у сябе на старонцы УКантакце.

«Мяне за гэтае фота судзілі і далі штраф у 50 базавых. Праз некаторы час пасля суда я вырашыў азнаёміць сваіх падпісчыкаў, за што мяне судзілі. Я зрабіў скрыншот гэтай карцінкі і выклаў фота ў свой Інстаграм. І, атрымліваецца, мяне другі раз судзяць за адно і тое ж фота. У сваім твітары я зноў размясціў фота ля помніка Дзяржынскаму. І подпіс размясціў на англійскай мове, каб праінфармаваць сваіх замежных падпісантаў і міжнародную супольнасць аб тым, як ушчамляецца свабода слова ў Беларусі».

У апошнім слове Мікола звярнуўся да супрацоўнікаў суда і міліцыі:

«Усё тое, што зараз адбываецца, — сапраўдная дзікасць і абсурд. Я хацеў бы, каб усе вы задумаліся пра гэта. Праз тое, што я напісаў 4 літары ў сваіх сацсетках, было ўзнята некалькі аператыўнікаў, быў патрачаны час міліцыянера, які нас ахоўвае ў зале суда, адваката, ваш, сакратара. Якую небяспеку насельніцтву і нават дзяржаве нясуць гэтыя 4 літары? Рэсурсы, патрачаныя на тое, каб мяне пакараць, абсалютна несуразмерныя таму, што я зрабіў. Банальна, але гэта — палітычны ціск. Судзяць мяне не за гэтыя 4 літары, а за тое, што я пішу і даношу людзям. Я хачу, каб вы задумаліся аб тым, чым вы ўсе займаецеся. Якая ад гэтага карысць?»

Адвакатка Наталля Мацкевіч лічыць, што правапарушэння ў дзеяннях Міколы Дзядка няма, а органы, якія заводзяць падобныя справы, не разумеюць сэнсу парушэнняў, прадугледжаных артыкулам 17.11. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў надпісах, апублікаваных Міколам, няма супадзення абрэвіятуры з той, што прызнаная экстрэмісцкай. Таксама яна заявіла аб недапушчальнасці па другім коле караць за адно і тое ж дзеянне: двайное абвінавачванне супярэчыць прававой практыцы.

Больш за тое, ні ў адным з пратаколаў фармулёўка артыкула КаАП, паводле якога судзяць Дзядка, не ўзнаўляецца ў сваім сапраўдным выглядзе. «Думаю, што гэта няправільны прававы аналіз. Дзеянні, апісаныя ў пратаколе, не адпавядаюць складу адміністрацыйнага парушэння, якое прадугледжана ў законе», — лічыць адвакатка.

Яна звярнула ўвагу, што Дзядок не распаўсюджваў прадукцыю, уключаную ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў: носьбітаў інфармацыі, СМІ. Ён проста выказваў сваё меркаванне, а гэта — фундаментальнае права, прадугледжанае Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У суд Мікола Дзядок прыйшоў з рэчамі, неабходнымі на выпадак, калі яго затрымаюць. Але гэтым разам абышлося: яму прысудзілі адміністрацыйны штраф у 40 базавых (1020 рублёў). Мікола Дзядок будзе абскарджваць прысуд.

Справу разглядаў суддзя Пісарэвіч.

Гэта ўжо чацвёрты суд над Міколам Дзядком за экстрэмізм у сацсетках.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: