Міліцэйскі гвалт: як справіцца з псіхалагічнай траўмай?

Падчас поствыбарчых пратэстаў амаль усё беларускае грамадства ў той ці іншай ступені атрымала псіхалагічную траўму. Хтосьці сутыкнуўся з гвалтам наўпрост, у кагосьці пацярпелі блізкія, многія, калі нават дасюль не «трапляліся», жывуць з разуменнем таго, што ў любы момант могуць быць арыштаваныя.
Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча


Ды што казаць — траўма ёсць і ў сілавікоў, і ў кіраўнічага апарату і тых, хто яго падтрымлівае, бо на такое супрацьстаянне яны наўрад ці разлічвалі. Але мы ўсё ж пагаворым пра тое, як дзейнічаць, каб перажыць траўму, атрыманую падчас міліцэйскага гвалту.

 

Што рабіць, калі блізкага чалавека затрымалі і пасадзілі на суткі?


Па-першае: трэба зразумець, што гэта — не назаўсёды, і чалавек неўзабаве вернецца. Ні ў якім разе нельга нікога абвінавачваць: ні самога сядзельца (маўляў, чаго ён туды палез), ні сябе (не былі побач, не дапамаглі).

Па-другое: важна пераключацца з сумных думак пра тое, як там ваш блізкі. Займайцеся руціннымі справамі і не забывайцеся на рэчы, якія прыносяць вам задавальненне.

Па-трэцяе: вам павінна быць цёпла і камфортна. Псіхолаг Максім Бодзікаў раіць: накрывайцеся коўдрай і рабіце сабе гарачую гарбату, абавязкова вельмі салодкую, больш салодкую, чым вы прывыклі піць. Вельмі важна трымаць кубак з гарбатай у руках, каб далоням было таксама цёпла. Пачынайце канцэнтравацца на смаку, паху, на тым, што вы можаце атрымаць праз органы пачуццяў.



 

Як захаваць глебу пад нагамі ў сітуацыі гвалту?

Варта сказаць сабе, што тое, што адбываецца, — гэта не нармальна. І калі вы гэтаму супраціўляецеся, злуецеся, баіцеся — гэта нармальная рэакцыя на ненармальную сітуацыю. У большасці выпадкаў такія рэакцыі не маюць патрэбы ў медыкаментозным лячэнні, за выключэннем рэдкіх эпізодаў, калі можа развіцца псіхоз з трызненнем, галюцынацыямі, але гэта, як правіла, вельмі рэдкая гісторыя, і часцей кароткачасовая.

Калі вы прайшлі праз затрыманне і арышт, важна захоўваць прысутнасць духу. Людзі, якія выходзяць пасля сутак, распавядаюць, што ім дапамагала гэта рабіць.

Галоўнае — гэта супольнасць і падтрымка адзін аднаго сярод сукамернікаў. Гэта размовы, спробы весці — наколькі гэта магчыма — нейкае насычанае жыццё. І лекцыі чыталіся, і ў шахматы людзі гулялі, і нейкія гісторыі адзін аднаму расказвалі і ўсяляк адзін аднаго падтрымлівалі.




 

Ці можна загадзя падрыхтавацца да сітуацыі гвалту?

Наўпрост падрыхтавацца да гэтага немагчыма. Калі ў вас ёсць разуменне, што вас могуць затрымаць, то можна скласці план на гэты выпадак: напішыце максімальна падрабязна, што вы будзеце рабіць і што трэба зрабіць вашым блізкім? Абавязкова перадайце ім гэты план.

Таксама можна загадзя скласці сабе перадачу. Не факт, што яна спатрэбіцца, але трывожыцца на гэты конт вы ўжо не будзеце. Можна падумаць пра тое, што дапаможа гэта перажыць — малітва ці нейкая рэч, якая будзе нагадваць пра дом.



 

Што рабіць з пачуццём віны за тое, што не быў затрыманы, збіты, атрымаў меншы тэрмін, чым іншыя?


Гэтая з’ява называецца «віна таго, хто выжыў». Яна не дазваляе чалавеку зразумець, што яму патрэбна дапамога. Больш за тое, многія людзі не патрапілі пад дубінкі, але бачылі відэаролікі, чулі апавяданні і знаходзяцца ў пастаянным напружанні. Яны могуць атрымаць такую ж траўматызацыю, як і тыя, што пацярпелі. У такім выпадку таксама патрэбная дапамога.



 

А калі адчуваеш, што сіл на змаганне няма, альбо вельмі баішся, але згрызоты сумлення прымушаюць выходзіць на пратэсты?

У кожнага свая мяжа магчымасцяў. Калі страх настолькі моцны, што вы адчуваеце жах і не можаце выйсці з дому, псіхолагі раяць клапаціцца пра сваю бяспеку і нікуды не хадзіць, а знайсці іншыя, больш бяспечныя формы ўдзелу.

У кожнага чалавека ёсць свая мяжа пераноснасці стрэсу, якую важна не пераскокваць. Пачуццё віны і сораму — не самы добры матыватар. І калі чалавек робіць нешта, таму што яму сорамна ці ён адчувае віну, ён як быццам здзяйсняе гвалт над сабой, што зусім не карысна.

Калі чалавек пераадольвае страх з разуменнем, што гэта адпавядае яго маральным каштоўнасцям, гэта зусім іншая гісторыя, гэта свядомы выбар.



 

Што лепш: чытаць і глядзець усё, што пішуць і здымаюць пра катаванні, альбо сыйсці ў інфармацыйны вакуум?

Сведчанні катаванняў павінны быць, і пра іх павінны ведаць — каб пасля прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Але ці глядзець гэтую інфармацыю — вырашайце самі ў залежнасці ад сваіх рэакцый. Тым, хто рэагуе моцным страхам, лепш не чытаць. Тое ж самае, калі чалавек хутчэй дэмаралізаваны і адчувае сябе разгубленым, страціўшым глебу пад нагамі. Не трэба свой няўстойлівы стан яшчэ больш разгойдваць.

Але ёсць людзі, якія, адносна спакойна рэагуюць на такі кантэнт. Больш за тое, сацыяльна гэтыя гісторыі ў свой час вельмі моцна ўскалыхнулі хвалю абурэння і пратэсту. Можа быць, калі б іх не было, не было б такога доўгатэрміновага пратэсту.



 

Чаму нельга ігнараваць траўму?

Перажытая траўма можа выліцца ў посттраўматычнае стрэсавае расстройства, якое выяўляецца ў тым, што сітуацыя не адпускае, яна прыходзіць у снах, людзі востра рэагуюць на тое, што пра яе нагадвае (напрыклад, на людзей у форме, на месцы, дзе адбываліся гэтыя падзеі — затрыманне ці дзе яны адбывалі тэрмін), у вельмі выяўленых рэакцыях ўзбуджэння, страху, гневу. Парушаецца сон, свет дзеліцца на тых, хто быў з імі разам і перанёс усё гэта, і на тых, хто з гэтым не сутыкаўся. З'яўляецца адчужэнне ад жыцця. Часта гэта ўскладняецца злоўжываннем алкаголем, трывожнымі расстройствамі, паводзіннымі парушэннямі. Магчыма развіццё дэпрэсіі, залежнасці.

Увогуле, наступствы траўмаў пачынаюць праяўляцца ў сярэднім праз 3-4 месяцы пасля падзеяў (за гэты час праходзіць шок). Таму нават калі цяпер вам здаецца, што вы справіліся, то праз некаторы час праблема можа зноў з’явіцца.



 

Калі трэба звяртацца па дапамогу спецыяліста?

Тыя, хто прайшоў праз затрыманні, ператрусы і такога кшталту гісторыі, проста па змаўчанні павінны прыйсці некалькі разоў на размову да псіхолага.

Не залежна ад таго, сталі ахвярамі міліцэйскага гвалту вы ці вашыя блізкія, калі ваш псіхалагічны стане не мяняецца больш, чым тры тыдні — гэта знак, што патрэбная дапамога звонку. Калі звонку нібыта ўсё ў парадку, але ў вас не атрымліваецца думаць ні пра што іншае, вы не можаце нармальна спаць альбо ў вас разлад харчовых паводзінаў (не можаце есці, альбо наадварот, пастаянна хочаце есці) больш за 5 дзён — пара звяртацца да псіхолага.



 

Як знайсці сілы на далейшае змаганне?

Вельмі важна адчуваць сябе ў супольнасці, мець сацыяльныя сувязі, апоры — гэта могуць быць сябры, сваякі. Калі чалавек выходзіць на марш, важна, каб ён ведаў, напрыклад, што яго ката пакормяць, грошы на штраф збяруць, падтрымаюць у выпадку арышту. Гэта ўсё вельмі важна, каб падтрымліваць сябе ў складаных сітуацыях.

І, канешне, важна ясна ўяўляць сваю мэту: у якой краіне вы хочаце жыць пасля перамогі? Знакаміты псіхолаг Віктар Франкл, які прайшоў праз Асвенцым, узгадваў, што выжыць у канцлагеры дапамагала менавіта ўяўленне будучыні і здольнасць знайсці ў жыцці хоць нейкі сэнс.



 


Ну і, нарэшце, куды звяртацца па дапамогу?


На probono.by можна знайсці спіс бясплатных ініцыятыў дапамогі пацярпелым. 

Тэлефон гарачай лініі Probono +375447097911

Каардынатаркі руху «Псіхолагі за правы чалавека» Ганна Край і Вольга Размахава гатовыя аказаць дапамогу любому чалавеку, для запісу можаце пісаць @_to_the_edge_ у Instagram ці @funambulist_ak, @olga_raz у Telegram. 

Форма на атрыманне псіхалагічнай дапамогі затрыманым, пацярпелым і іх блізкім ад ініцыятывы #СалідарныЯ.












Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: