Міліцыя фарміруе народныя дружыны, якія могуць прымяняць сілу

У дапамогу міліцыі фарміруюцца народныя дружыны — пра гэта практычна адначасова паведамілі дзяржаўныя тэлеканалы.
Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Ці шмат ужо народу запісалася, не сказана, але пяць чалавек у масках і з чырвонымі павязкамі ў сюжэце АНТ выглядаюць пераканаўча. «Свайго роду ініцыятыва з месцаў, занадта ўжо дасталі малойчыкі, якія перакрываюць дарогі і паляць пакрышкі», — тлумачыць СТБ, для чаго гэта ўсё.

Наколькі паспяхова ідзе рэанімацыя старой практыкі мы, магчыма, даведаемся ў хуткай будучыні. Але яшчэ нядаўна дружыннікі дапамагалі міліцыі. Праўда, гаворка тады не ішла пра «малойчыкаў» і пакрышкі. АНТ адзначае, што да актывістаў з чырвонымі павязкамі ахвотна далучаюцца маладыя беларусы. Некаторыя нават звязваюць жыццё з органамі ўнутраных спраў. Ёсць бонусы (адгул, матэрыяльнае стымуляванне), але, адзначае канал, гэта не галоўнае: ідуць па закліку сэрца.

Бяруць у дружыну з 18 гадоў.

Чым канкрэтна будуць займацца грамадзянскія памочнікі міліцыі ў цяперашніх рэаліях, складана нават уявіць. Але фармальна статус дружынніка вызначаны Законам аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку. Да асноўных функцый добраахвотнай дружыны аднесена «ахова грамадскага парадку, жыцця і здароўя грамадзян і іх уласнасці», прафілактыка, забеспячэнне бяспекі руху і інш.

Там напісана, што можна і чаго нельга цывільнаму. Напрыклад, забаронена: ажыццяўляць дзейнасць, аднесеную да кампетэнцыі пракуратуры, СК, органаў унутраных спраў — чытай, усіх праваахоўных органаў.

Пры сустрэчы з дружыннікам важна разумець, што ж яму можна. А вось што:

  • ажыццяўляць дзеянні па спыненні правапарушэнняў, затрыманні і перадачы ў праваахоўныя органы асоб, якія ўчынілі правапарушэнні;
  • адбіраць у парушальніка небяспечныя прадметы;
  • уваходзіць у клубы, кінатэатры, на стадыёны, у іншыя грамадскія месцы са згоды ўладальніка для пераследу правапарушальнікаў або спынення правапарушэнняў;
  • стаяць у ачапленні пры спыненні групавых парушэнняў правапарадку, на масавых мерапрыемствах;
  • карыстацца бясплатна тэлефонамі і іншымі сродкамі сувязі, што належаць юрыдычным асобам, для сувязі з праваахоўнымі органамі;
  • выкарыстоўваць ТС юрыдычных асоб і грамадзян каб даставілі да медыкаў пацярпелых, якія маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе;
  • ужываць да правапарушальнікаў фізічную сілу ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных гэтым Законам.
Дык у якіх канкрэтна выпадках дружыннік можа ўжываць сілу? У Законе напісана: «Член добраахвотнай дружыны мае права прымяняць фізічную сілу ў мэтах спынення дзеянняў асоб, якiя ажыццяўляюць правапарушэнні, для іх затрымання і перадачы ў праваахоўныя органы, калі іншыя спосабы, не звязаныя з ужываннем фізічнай сілы, не забяспечваюць выканання ім функцый па ўдзеле ў ахове правапарадку».

Перад ужываннем сілы член дружыны абавязаны папярэдзіць правапарушальніка пра намер яе ўжыць, «падаўшы з улікам канкрэтных абставін дастаткова часу для выканання патрабаванняў, за выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ва ўжыванні фізічнай сілы стварае непасрэдную небяспеку для жыцця і здароўя грамадзян».

Таксама належыць імкнуцца, каб шкода, нанесеная пры ліквідацыі небяспекі, была мінімальнай. Калі што — аказаць дапамогу. Нельга ўжываць сілу да цяжарных, пажылых, інвалідаў, дзяцей (акрамя выключных выпадкаў).

На самай справе з гэтага ўсяго вынікае, што фізічны кантакт дапускаецца ў тых жа выпадках і на тых жа падставах, што і любому цывільнаму, без павязкі — калі ён вырашыў спыніць злачынства.

Атрымаць каментар прэс-службы МУС аб тым, як ідзе фарміраванне дружын і дзе можна запісацца, пакуль не ўдалося.

onliner.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: