Міліцыя падчас II Еўрапейскіх гульняў пастараецца быць незаўважнай

Беларуская міліцыя падчас II Еўрапейскіх гульняў пастараецца быць з замежнымі грамадзянамі ветлівай, карэктнай і, па магчымасці, незаўважнай. Пра гэта, наведваючы спартыўныя аб'екты, расказаў новы міністр унутраных спраў Юрый Караеў, піша Еўрарадыё
У Спартыўнай вёсцы / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У Спартыўнай вёсцы / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Усе месцы правядзення спаборніцтваў узятыя міліцыяй пад кругласутачную ахову. Спартыўную вёску, як самы важны аб'ект, ахоўваюць "найбольш падрыхтаваныя супрацоўнікі АУС і вайскоўцы ўнутраных войскаў з усёй краіны". Адзін з крытэраў адбору сюды — веданне замежнай мовы.

З 8:00 да 20:00 вайскоўцы дзяжураць па перыметры Спартыўнай вёскі: тры гадзіны — на посце, тры — адпачынак. У кожнага ёсць вада ў фляжцы. Ці атрымаецца ў іх пры гэтым застацца незаўважнымі, як заяўляе міністр, пакажуць найбліжэйшыя дні.

"Гатоўнасць органаў унутраных спраў высокая. Але мы заўсёды павінныя прыдзірліва ставіцца да мераў, якія прымаем, і лічыць, што яны недастатковыя. Мы самі павінныя шукаць магчымыя рызыкі і пагрозы, — сказаў Юрый Караеў. — Таму гаварыць пра поўную гатоўнасць было б заўчасна. На практыцы праблемы ўсё роўна з'явяцца і пакажуць нам, што мы не прадугледзелі, і як зманеўраваць сіламі і сродкамі, каб гэта палепшыць.

У цэлым істотных зменаў аператыўнай абстаноўкі, звязаных з Гульнямі, не прагназуецца, для гэтага няма перадумоў".


II Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня. Чакаецца, што нашу краіну наведаюць каля 20 тысяч спартсменаў і гледачоў. Шэсць тысяч з іх будуць пражываць у Спартыўнай вёсцы на паўднёвым захадзе Мінска.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!