Міліцыя патлумачыла, чаму затрымлівалі журналістаў 19 чэрвеня

19 чэрвеня мінчукі сабраліся ля будынка філармоніі на апошні легальны пікет па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах. Утварылася чарга, якую назвалі ланцугом салідарнасці з затрыманымі напярэдадні выбараў апанентамі ўлады. Людзі стыхійна збіраліся і ў іншых частках горада, напрыклад на Грушаўцы. У той вечар АМАП забіраў у аўтазакі у тым ліку і журналістаў, якія выконвалі сваю працу. TUT.BY папрасіў начальніка ГУУС Мінгарвыканкама патлумачыць, за што затрымлівалі прэсу.
19 чэрвеня, па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Мінску былі затрыманыя: журналісты «Радыё Свабода» Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык, фрылансер Ірына Арахоўская, карэспандэнт Reuters Уладзімір Косцін, журналісты «Еўрарадыё» Марыя Вайтовіч і Арцём Маёраў, журналісты TUT.BY Вадзім Заміроўскі і Анжаліка Васілеўская (апошняя — у Магілёве), журналіст Onliner.by Настасся Занько, журналіст украінскага тэлеканала «112» Іна Кардаш, журналіст «КП в Беларусі» Святаслаў Зоркі.

Пасля некалькіх гадзін, праведзеных у аўтазаках і пастарунках, журналісты былі вызваленыя без складання адміністрацыйных пратаколаў. Рэдакцыі СМІ падлучалі прэс-службу мінскай міліцыі і МУС, каб іх калегаў адпусцілі.

Акрэдытаваных журналістаў «Радыё Свабода» затрымалі прама падчас прамога эфіру.

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў ў ходзе прамой лініі 27 чэрвеня растлумачыў, што 19 чэрвеня прэсу затрымалі, таму што журналісты перашкаджалі працы міліцыянтаў.

Згодна з Законам «Аб масавых мерапрыемствах», журналіст, асвятляючы такія падзеі, абавязаны мець ясна бачны адметны знак прадстаўніка СМІ. Гэта можа быць нарукаўная павязка, бэйдж ці камізэлька.

 Іх даставілі ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў, дзе даведаліся, што яны журналісты, з імі была праведзена прафілактычная гутарка, і ўсіх адпусцілі. Згодна з Законам «Аб масавых мерапрыемствах», журналісты павінны быць пазначаныя, але не ва ўсіх былі бэйджы, — растлумачыў Іван Кубракоў. — Супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў папярэджвалі, што праходзіць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, журналісты часам станавіліся на шляху міліцыі, каб здымак, можа, зрабіць, перашкаджалі працы. Рэкамендацыя для прэсы: выконваць свае службовыя абавязкі, не перашкаджаючы працы дзяржорганаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: