«Міліцыя ў нас адчувае беспакаранасць і ўсёдазволенасць»

Некалькі тыдняў таму 28-гадовы гамяльчук Віктар Блізнец вярнуўся з калоніі, дзе правёў паўтары гады. Увесь гэты тэрмін маладзён спрабаваў дамагчыся перагляду сваёй судовай  справы.

Віктар абскарджваў рашэнне суду Цэнтральнага раёну ў абласным і Вярхоўным судах, звяртаўся са скаргамі ў абласную пракуратуру.  Цяпер гамяльчук працягвае сваё змаганне ўжо на волі, звяртаецца да праваабаронцаў, журналістаў ды блогераў, бо перакананы, што суд быў прадузятым ды неаб’ектыўным.

«Я не супынюся і пайду да канца, — кажа Віктар Блізнец. — З-за несправядлівага судовага прысуду я згубіў свой будаўнічы бізнес у Маскве, навучанне ва ўніверсітэце, грошы (судовыя выдаткі мне абышліся ў 5 тыс. долараў). У мяне пагоршылася здароў’е, я пачаў лысець, пагоршыўся зрок, узніклі праблемы з псіхікай, стала хварэць мая маці. Мая машына пад арыштам дагэтуль».


Гэта гісторыя  пачалася 5 лістапада 2015 года. Віктар Блізнец у 4 гадзіны раніцы знаходзіўся ў кафэ «Бургер Фрэш». Як пазней паказалі сведкі на судзе, ён быў нецвярозы (0.3 праміле), лаяўся матам, размаўляў агрэсіўна з наведвальнікамі і персаналам. Адзін з наведвальнікаў выклікаў  міліцыю. На момант прыбыцця міліцыянтаў, канфлікт быў вычарпаны, і Віктар Блізнец мірна сядзеў за столікам, піў каву, размаўляў з дзяўчынай. Супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСа В. Шапавалаў і А. Дашук запатрабавалі каб Віктар пакінуў кафэ і пайшоў у машыну для разбіральніцтва. У выпадку непадпарадкавання міліцыянты прыгразілі выкарыстаць фізічную сілу. Блізнец выйшаў з кафэ, але замест таго каб сесці ў патрульную машыны, кінуўся наўцёкі. Як потым ён тлумачыў на судзе, пабаяўся, што міліцыянты пачнуць яго збіваць. Праз колькі метраў міліцыянты дагналі маладзёна і …..тут паказанні міліцыянтаў і Блізнеца дыяметральна разыходзяцца.

«Блізнец супыніўся і стаў у баксёрскую стойку, — выкладзена ў матэрыялах судовай справы. — Пасля гэтага Дашук схапіў яго за левую руку, а Шапавалаў — за правую. Блізнец стаў вырывацца, абражаў і пагражаў. Было вырашана выкарыстаць фізічную сілу ў дачыненні да яго — загіб абодвух рук за спіну. Блізнец супраціўляўся, каб вызваліць руку, пачаў вырываць яе і рэзка тузануў міліцыянта Шапавалава за мезенец. Шапавалаў адчуў рэзкі боль, крыкнуў, што Блізнец зламаў яму палец. У гэты час да іх пад’ехаў яшчэ адзін службовы аўтамабіль, з яго выскачыў А. Удодаў, утрох яны «скруцілі» Блізнеца, павалілі яго на зямлю, адзелі наручнікі і даставілі ў аддзяленне для далейшага разбіральніцтва».

Віктар Блізнец жа сцвярджае, што міліцыянты яго збівалі  гумовым дручком, рукамі і нагамі, у тым ліку і ляжачага, чым перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. Праз сацыяльныя сеткі ён знайшоў сведку, які бачыў яго затрыманне. На судзе сведка распавёў, што бачыў, як Блізнец уцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі, спатыкнуўся, упаў на асфальт. Адзін міліцыянт заламываў яму руку, а другі нанёс не менш за тры ўдары дубінкай.

Па факту збіцця міліцыянтамі, Віктар Блізнец адразу паскардзіўся міліцэйскаму начальству і ў пракуратуру, прыклаўшы даведку ад лекара, што пасля затрымання «ў яго былі сінякі і драпіны, якія ўтварыліся не меньш чым ад 8 уздзеянняў тупых прадметаў, якя адносяцца да лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткатэрміновага пагаршэння здароў’я».


Згодна з матэрыяламі праверкі, па факту перавышэння міліцыянтамі сваіх службовых паўнамоцтваў —Блізнеца ніхто не збіваў дручком, нагамі і рукамі, а ён сам пры затрыманні і пасадкі ў машыну супраціўляўся, удараўся аб машыну, і такім чынам, у яго на целе з’явіліся сінякі і драпіны.

Падчас судовага разбіральніцтва, суддзя не прыняў пад увагу паказанні сведкі: «Ацэньваючы паказанні сведкі, суд прыйшоў да высновы, што яны даны ім з мэтаю дапамагчы абвінавачваему пазбегнуць адказнасці за тое, што ён зрабіў. Зыходзячы з матэрыялаў справы — паказанняў сведкаў, запісаў камер відэаназірання, падчас затрымання супрацоўнікамі міліцыі Блізнеца, на супынку «Сялянская» нікога не было. Пры такіх абставінах паказанні сведкі А. К. суд прызнае недакладнымі, якія зняпраўджваюцца матэрыяламі крымінальнай справы», — пазначана ў матэрыялах судовай справы.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля прызнаў Віктара Блізніца вінаватым у «гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці» і прызначыў яму пакаранне 1 год 6 месяцаў пазбаўлення свабоды з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Таксама суд абавязаў Блізнеца выплаціць 30 млн рублёў (недамінаваных) маральнай шкоды міліцыянту, які падчас затрымання траўміраваў палец.

«Вось такі ў нас суд, — абураецца Віктра Блізнец. — Мае адвакаты мне паведамлялі, што органы ціснулі на іх, каб яны ніякай актыўнасці не праяўлялі. Майму сведку следчы прапаноўваў грошы, каб той не хадзіў на суд, а паехаў, адпачыў на мора, прапаноўваў аплаціць паездку. Сведка гэта сказаў на судзе. У судзе людзі кажуць адно, а ў пратаколе паседжання — іншае. Відэазапіс затрымання таксама не ўзялі пад увагу. Я буду дамагацца справядлівасці, каб закон быў для ўсіх аднолькавы. Я не збіраюся супыняцца, буду пісаць у ААН, міжнародныя суды. Я буду скардзіцца. Органы міліцыя адчуваюць беспакаранасць і ўсёдазволенасць. Яны збіваюць простых грамадзянаў, садзяць у турмы, а суды іх пакрываюць. Хачу дамагчыся нармалёвага правасуддзя, каб міліцыянты адказалі за свае ўчынкі, каб усе даведаліся як у нас працуюць супрацоўнікі міліцыі».
Пасля вызвалення Віктар Блізнец накіраваў скаргу на незаконны прысуд у Генеральную пракуратуру.

Фота аўтара і з асабістага архіва Віктара Блізнеца



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: