Міліцыя зацікавілася ўдзельнікамі «ўрока гісторыі» ў Слуцку

Слуцкі РАУС праводзіць апытанне ўдзельнікаў адмысловага ўрока «Гісторыя Слуцка ў вобразах і помніках архітэктуры», зладжанага мастаком Алесем Пушкіным для свайго сына і яго сяброў 1 верасня.
Удзельнікі таго самага ўрока гісторыі

Удзельнікі таго самага ўрока гісторыі

Наш карэспандэнт Зінаіда Цімошак, аўтар артыкула пра гэтую падзею, была запрошана 8 верасня ў якасці сведкі ў Слуцкі РАУС і апытана на прадмет «масавага шэсця».


Што было далей — распавядае сама Зінаіда.

Паколькі насамрэч ніякога масавага шэсця не было, я папрасіла намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і правапарушэнняў маёра Васіленку Мікалая ўважліва прачытаць артыкул на сайце НЧ.
У пратаколе апытання я яшчэ раз пазначыла, што партрэты ўдзельнікаў паўстання, сцяг горада Слуцка і іншая атрыбутыка — гэта звычайныя сродкі нагляднасці для інтэрактыўнага ўрока. Да таго ж удзельнікі ўрока, якія прайшлі па вуліцы Леніна да краязнаўчага музея, наведалі і іньшыя месцы горада Слуцка: тэрыторыю старых могілак, будынак фабрыкі «Слуцкія паясы», помнікі Анастасіі і Сафіі Слуцкай, будынак Дома культуры.
Падчас урока не гучалі палітычныя лозунгі і патрабаванні, а шыльдачка з надпісам «Не дапусцім, каб Беларусь уцягнулі ў чужыя войны!» стала яскравым сведчаннем тых бедаў, якія напаткалі Беларусь падчас сусветнай і грамадзянскай вайны, калі Случчына была арэнай баявых дзеянняў і палітычных гульняў іншых дзяржаў. Як былы настаўнік гісторыі, лічу, што такі вулічны ўрок не з’яўляецца парушэннем заканадаўства Беларусі аб масавых мерапрыемствах.

Пакуль невядома, ці будуць заведзены адміністрацыйныя справы супраць удзельнікаў урока. Як паведаміў старэйшы ўчастковы інспектар Шклярэўскі Дзмітрый, усе ўдзельнікі мерапрыемства павінны будуць даць свае тлумачэнні. Аліна Нагорная ўжо таксама запрошана ў Слуцкі РАУС.


Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў крытычна ставіцца да патрабавання тлумачэнняў з нагоды такога «шэсця» па гораду.

 — Лічу, што слуцкім супрацоўнікам РАУС няма чаго рабіць, і яны шукаюць крамолу там, дзе яе няма.

Па словах Левінава, так лёгка дайсці да абсурда.

 — Вось школьнікі ідуць на экскурсію, нясуць сцяжкі спераду і ззаду. Чым гэта не масавае шэсце? — гаворыць праваабаронца. — А вось іншы прыклад: рабочыя натоўпам выйшлі праз прахадную і, не разыходзячыся, пайшлі да аўтобуснага прыпынку. Альбо памёр знакаміты дзяржаўны дзеяч, людзі ідуць за труной, нясуць яго партрэты. Дык, можа, таксама трэба крычаць «Хто дазволіў?» і складаць адміністратыўны пратакол супраць нябожчыка ці яго працэсіі?

Закон законам, але здаровы сэнс павінен існаваць. Законам нельга рэгламентаваць усе дробязі і адценні жыцця людзей,
— падсумаваў сябра праваабарончай арганізацыі БХК.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • прокоп я
  • 2017-09-09 17:46:43
не менты а тунеядцы ! 99 адсокау -атмарозк і !

Больш цікавага на «Новым Часе»: