«Міліцыянер павінен быць недатыкальны». У Гродна адправілі на «хімію» двух шматдзетных бацькаў

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 23 лістапада вынес прысуд мясцовым жыхарам Дзмітрыю Зімніцкаму і Канстанціну Паляку па крымінальнай справе па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Дзмітрый Зімніцкі атрымаў два с паловай гады абмежавання волі з адбыццём па месцы жыхарства (хатняй «хіміі»), а Канстанцін Паляк — тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу


Мужчыны былі затрыманыя напачатку верасня за інцыдэнт з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі на гарадзенскім аўтавакзале 13 жніўня, падчас масавых разгонаў мірных акцый. Абодва да суда знаходзіліся пад вартай, піша «Вясна».

23 лістапада суд працягнуўся. На думку галоўнага пракурора, віна Паляка і Зімніцкага цалкам даказаная, а за змякчальныя абставіны папрасіў залічыць чыстасардэчныя прызнанні і раскаянне. Пракурор запытаў для Дзмітрыя Зімніцкага тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую установу адкрытага тыпу, а для Канстанціна Паляка — тры гады і шэсць месяцаў аналагічнай меры стрымання.

— Абодва працуюць, абодва былі ў складаных перыядах жыцця, але знаходзілі ў сабе сілы ісці далей жыць і працаваць, — сказаў на судзе пракурор. — У Паляка на ўтрыманні трое малалетніх дзяцей, догляд за бацькам з інваліднасцю: гэта характарызуе яго як чалавека, які паважае старасць і ўдзячны бацькам за жыццё. Зімніцкі працуе, набірае групу дзяцей для навучання адзінаборству, у яго таксама трое дзяцей.

Але тым не менш, яшчэ раз падкрэсліваю, што міліцыянер павінен быць недатыкальны. Зараз намячаецца відавочная радыкалізацыя грамадства, і калі б падобнае адбылося да жнівеньскіх падзей, у мяне рука б не завагалася, ці запытваць для іх пазбаўлення волі. Але мы павінны ўлічваць эмацыйны стан людзей тых жнівеньскіх падзей.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: