Міліцыянер выратаваў школьніцу ад суіцыду падчас жывога эфіру ў сацсетцы

Мінская школьніца падчас жывога эфіру ў сацыяльнай сетцы расказала, што збіраецца скончыць жыццё самагубствам, піша «Еўрарадыё».

Ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сяброўка, якая глядзела відэаэфір школьніцы, звярнулася ў міліцыю, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".

У момант правядзення жывога эфіру дзяўчына знаходзілася на агульным балконе 19-павярховіка па вуліцы Русіянава. Пакуль нарад ехаў да дома, міліцыянт Дзмітрый Гутнікаў знайшоў старонку дзяўчыны ў сацыяльнай сетцы. Ён пачаў размаўляць з ёй, угаворваючы не здзяйсняць неразумны ўчынак, і стараўся адцягнуць момант, калі падлетак пералезе праз агароджу гаўбца.

Калі міліцэйскі нарад прыбыў да месца, Гутнікаў падняўся да дзяўчыны і адцягнуў яе на бяспечную адлегласць. Школьніца не магла растлумачыць свае намеры — толькі паўтарала, што так будзе лепш для ўсіх.

Міліцыянт распавёў аб тым, што здарылася, бацькам, перадаў ім дачку і папрасіў звярнуць увагу на яе псіхалагічны стан. Бацькі дзяўчыны ўдзячныя міліцыянту за выратаванне іх дачкі.

euroradio.fm



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!