"Міліцыянер ударыў мяне каленам, потым — аб кіёск. У аддзеле зрабілі “ластаўку”

 З бабруйчанкай Настассяй Навоевай — той самай жанчынай, якую асудзілі за “збіццё” міліцыянера —  звязалася Еўрарадыё. Спрэчны выпадак здарыўся, калі ў яе адбіралі дзяцей.



Пакуль Навоева знаходзілася ў СІЗА, магчымасці з ёй паразмаўляць не было. Таму цяпер публікуем версію жанчыны пра тое, як усё здарылася.

Настасся Навоева: У мяне быў вялікі крэдыт. Таксама здарылася запазычанасць па камунальных плацяжах. Сума ў 13 мільёнаў набегла з-за пені. Дзесьці я аплачвала камуналку не цалкам, дзесьці не пракантралявала гэта пытанне. Пэўны час у кватэры жыў мой брат. Я з дзецьмі і сужыцелем-міліцыянерам жылі ў двухпакаёўцы ў іншым месцы. Але я спраўлялася, знайшла яшчэ адну працу. Але падышла да таго моманту, што мне трэба перавесціся на працу ў тры змены. Рупілася амаль без выхадных. 

Дзяцей я вельмі хацела, таму і нараджала. Не сядзела ў дэкрэце па тры гады, таму што разумела: трэба працаваць і ўтрымліваць дзяцей. У мяне атрымлівалася, дзеці былі заўжды дагледжаныя, накормленыя. Вельмі дапамагаў іх родны бацька. Часам, калі я была на працы, ён быў з Ванем і Ульянай, часам дапамагала наша старэнькая бабуля. Выкручваліся. 

У пэўны момант я звярнулася да начальніка цэха, што мне ўсё ж трэба праца ў адну змену, а не ў тры. Таксама прыйшла з праблемай у аддзел адукацыі. Замест таго, каб мне па-сапраўднаму пасадзейнічаць, дапамагчы, яны стварылі нашай сям’і праблемы”.

Еўрарадыё: Раскажыце, што здарылася ў дзіцячай бальніцы Бабруйска сёлета ў красавіку. Наколькі вядома, менавіта там у вас адабралі дзяцей і ў гэты момант адбылася сутычка з участковым міліцыянерам... 

Настасся Навоева: Захварэла дачка, яе забралі ў бальніцу. Я заўсёды да яе туды ездзіла. На “Белшыне” зарплату мне выдавалі часткамі. Якраз тады, калі можна было забіраць Ульяну дадому, мне своечасова не залічылі грошы. Кашалёк быў цалкам пусты. Я патэлефанавала ў бальніцу, папрасіла, каб забраць дачку праз два дні. І вось мы з сынам паехалі па Ульяну. Я была абсалютна цвярозая, таму што мне трэба было на працу ў другую змену. З бацькам дзяцей дамовіліся, каб увечары ён прыгледзеў за імі, пакуль я буду на працы. Прыязджаю ў бальніцу, апранаю дачку. А загадчыца аддзялення кажа іншым медыкам: “Дзяўчаты, не аддавайце яе, у аддзел адукацыі ўжо ўсё паведамлена”. Я пыталася, чаму не аддаюць дачку, на павышаных танах, але нікога не абражала. Дачка схапіла мяне за шыю, не адпускала, не адыходзіла ні на метр. Адразу ж прыехаў участковы, не стаў нічога ў мяне пытацца. Ён падыходзіць і выхоплівае ў мяне дачку. “Вы што робіце?” — пытаюся. Участковы давай мяне заламваць, вывеў у фае. Я не супраціўлялася, хоць і была ў шоку. Проста прыбірала яго рукі, прасіла, каб патлумачыў, што адбываецца. Дзяцей забралі…

Еўрарадыё: Як атрымалася, што сутычка з участковым адбывалася на прыпынку грамадскага транспарту?

Настасся Навоева: Я выйшла з бальніцы, хацела астыць, каб зразумець, што далей рабіць. Дачакалася тралейбуса, купіла талончык. Тут з’явіўся той участковы, даў мне па патыліцы, схапіў за валасы і выцягнуў з тралейбуса. На прыпынак адразу ж прыехаў начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых. Участковы ўдарыў мяне каленам, потым — аб кіёск. Мяне павезлі ў аддзел. Моцна заціснулі кайданкі, на дзве гадзіны зрабілі “ластаўку”. Начальнік ІСН нецэнзурна казаў, што сваіх дзяцей я больш не пабачу. Мяне малацілі, пачаў балець жывот, стала дрэнна. Я ўся сіняя. Яны, напэўна, спалохаліся, выклікалі “хуткую”. Відаць, каб пазбегнуць адказнасці, завезлі… у радзільню. Хоць дзяцей я пасля другіх родаў больш мець не магу. З радзільні мяне адпусцілі дадому, паехала ў дзіцячы прытулак, але мяне не пусцілі, было позна.

“Я хацела дабіцца справядлівасці, паўсюль звярталася. І тут на мяне распачалі справу… за збіццё ўчастковага”

Дзяцей я пабачыла толькі на наступны дзень. Пасля гэтага пачала ўсіх падымаць на вушы, — працягвае Настасся. — Звярталася ў аддзел адукацыі. Падала на калені, маліла, каб мне аддалі дзяцей. Запісвалася на прыём да дэпутата, хадзіла да кіраўніка горада. Дык вось на прыёме ў яго даведалася, што на мяне ўжо падрыхтаваная цэлая папка наконт адабрання дзяцей.

Я ўсё адно паўсюль грукалася, хацела дабіцца справядлівасці. І тут стала вядома, што на мяне распачалі крымінальную справу… за збіццё ўчастковага. Пабояў у яго быць не магло, я яго не драпала.

Еўрарадыё: Але ж у СІЗА вас змясцілі толькі праз некалькі месяцаў. Афіцыйна — за тое, што вы ўчынілі скандал у дзіцячым прытулку.

Настасся Навоева: У дачкі ў прытулку на твары з’явіліся болькі. Я прасіла, каб яе завезлі ў бальніцу. Да ўрачоў яны яе спачатку не вазілі. Я пачала дабівацца. Звярнулася ў аддзел адукацыі. Мне казалі: “Што ты хочаш? Чаму качаеш правы?” У дзень, калі мяне адправілі ў СІЗА, у прытулку я настойліва папрасіла пры мне завезці дачку да ўрача. Гэта зрабілі. Пакуль былі ў бальніцы, мне тэлефануе следчы: “Я за табой заеду”. У выніку ён забраў мяне, супрацоўніцу прытулку, дачку і яшчэ аднаго хлопчыка, які быў з намі. Іх высадзілі каля прытулку, мяне павезлі ў Следчы камітэт. А там пракурор, яго намеснік: “Ну, што, птушка, даскакалася? Ты ўсіх дастала сваімі скаргамі. Ты едзеш у СІЗА”. Я заплакала. Праз пяць хвілін прыехалі міліцыянеры-канваіры. Так я трапіла ў СІЗА, дзе адбыла паўтара месяца. 

Дзеці прасілі: “Мамачка, мы цябе любім, вельмі стаміліся тут, хочам дадому”.

14 кастрычніка Настассі далі год “хатняй хіміі”. Цяпер яна на волі, можа працаваць і бачыцца з Іванам і Ульянай.

“Адразу пасля вызвалення я паехала да дзяцей у прытулак, купіла ім цацкі. І сёння іх бачыла, — пачуўшы пра дзяцей, Навоева пачынае плакаць. — У прытулку пэўны рэжым, зрабіць з дзіцёнкам урокі было нельга. Мне не дазваляюць знаходзіцца там столькі часу, колькі хацелася б. Сёння хадзіла да Вані ў школу, удакладняла, як ён вучыцца. Калі ён быў дома, сшыткі былі больш чыстыя, а цяпер сын вучыцца горш, чым у першым класе”. 

Еўрарадыё: Як прайшла сустрэча з дзецьмі?

Настасся Навоева: Вельмі хвалявалася, што яны мяне не зразумеюць. А яны тут жа падбеглі абдымацца. Было радасна да слёз. Віселі ў мяне абодва на шыі вельмі доўга. І цалавалі, і валасы папраўлялі, і паштоўкі на Дзень маці падарылі. Казалі: “Мамачка, мы цябе любім, вельмі хочам, каб ты нас забрала. Мы тут стаміліся, хочам дадому”. Я ім паабяцала, што гэта хутка адбудзецца. Дзякуй Богу, ёсць звычайныя людзі, якія перажываюць за іх і за мяне, дапамагаюць.

Еўрарадыё: 20 кастрычніка вас чакае новы суд. Правоў могуць пазбавіць і вас, і Генадзя Гарленку — бацьку дзяцей…

Настасся Навоева: Не зусім так. Што тычыцца мяне, суд будзе наконт адабрання дзяцей. А Генадзя хочуць пазбавіць бацькоўскіх правоў. Але я з гэтым не згодная. Дзяцей ён любіў і заўжды дапамагаў. Я не разумею, як такога бацьку можна пазбавіць правоў! Дзеці, натуральна, яго любяць, хочуць быць з ім. Я ніколі не забараняла ім камунікаваць. Ён заўжды ставіўся да іх адкрыта. А тое, што мы разышліся… Ну маладая я была, раўнівая, і з яго боку былі няправільныя гісторыі. Але для Вані і Ульяны ён добры бацька.

Еўрарадыё: Вы ў даволі цяжкім становішчы. Увесь час, як відаць па гэтай гісторыі, дзейнічаеце напралом. Што будзеце далей рабіць?

Настасся Навоева: Я павінна змагацца за дзяцей. Я не ваюю з уладай, проста прашу справядлівасці і нармальнага стаўлення. Ні да каго не лезу ў кішэню і не абражаю. Я проста хацела абараніць свае правы. Але больш я да чыноўнікаў па дапамогу звяртацца не буду. Пытанне з запазычанасцю па камуналцы ўжо вырашана. З дыягназам, які мне паставілі, буду разбірацца. Мая мэта вярнуць дзяцей і жыць тым жыццём, як гэта было раней.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!