Арыштаваны міліцыянт сцвярджае, што раскрыў канал вярбоўкі ў ДНР

Праз імавернае раскрыццё каналу пастаўкі беларускіх жаўнераў у «Данецкую Народную Рэспубліку» лейтэнант гродзенскай міліцыі апынуўся пад арыштам.

 

Фота Белсат

Лейтэнанта Міхаіла Куцко ўчора арыштавалі па артыкуле «Атрыманне хабару» (ст. 430 крымінальнага кодэкса), цяпер ён знаходзіцца пад вартай у гродзенскай турме нумар 1 на вуліцы Кірава. Яшчэ ў верасні, прадчуваючы небяспеку, міліцыянт запісаў відэа, дзе распавёў сваю гісторыю.

Лейтэнант Міхаіл Куцко на службу ў міліцыю пайшоў паводле глыбокіх перакананняў, служыў  аддзяленні наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Ленінскага РАУС  Горадні. Мае шматлікія граматы і ўзнагароды за раскрыццё злачынстваў звязаных з распаўсюдам парнаграфіі, педафіліяй і продажам людзей.

«Ад маіх агентаў я атрымаў інфармацыю, што афіцэр памежнага камітэту В/Ч 2141 мае выхад на незаконныя вайсковыя фармаванні самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі, — распавядае ў відэазапісае Міхаіл Куцко. — Паводле майго інфарматара, афіцэр С. можа звесці з адпаведнымі людзьмі для найму ў вайсковыя фарманні «ДНР». Я тэрмінова дакладаю гэтыя звесткі свайму кіраўніцтву «…» Я не ведаю на якой пасадзе працуе гэты афіцэр. Можа, ён кіраўнік заставы, і хлопцаў, якія скончваюць службу, рыхтуе на вайну, а калі ён зампаліт альбо оперупаўнаважаны, тады ўвогуле ён можа вербаваць жаўнераў на кампрамаце і адпраўляць на вайну за «ДНР». Як мінімум, КДБ мусіла гэта спраўдзіць».

Паводле словаў Міхаіла, матэрыял па дадзенай справе зарэгістравалі ў адзінай кнізе РАУС Ленінскага раёна Гродна. Міхал рыхтуе дакументы, каб згодна з інструкцыяй перадаць іх у КДБ. Праз некалькі гадзінаў кіраўнік крымінальнай міліцыі тэлефануе з тэлефона выконваючага абавязкі адзела наркакантроля і дае загад пра справу забыць, маўляў «там ужо ўсе ўзгоднена». Аднак Міхайл усе ж вырашае данесці інфармацыю да Камітэту Дзяржаўнай Бяспекі, на што ягонае непасрэднае кіраўніцтва пагражае звальненнем.

 

Пастка на міліцыянта

Праз некалькі дзён па справе распаўсюду парнаграфіі ў інтэрнэце на допыт да Міхаіла прыходзіць падазраваная ў справе, працаўніца міліцыі Шчучынскага РАУС Алена Б., якая прапаноўвае Міхаілу Куцко хабар.

«Працаўнікі Упраўлення унутранай бяспекі супраць мяне праводзілі аператыўны эксперымент, калі Алена Б. мелася перадаць мне грошы, а я павінен быў іх узяць. Яна павінная была падыйсці на Гая, 4 (будынак РАУС у Гродна), які мае відэаманіторынг, незаўважна засунуць мне грошы ў кішэні, і мяне павінныя былі затрымаць, — распавядае Міхаіл. — Нават патрульны міліцыянер бы не дадумаўся браць хабар пад камерамі. План быў такі, што мне засоўваюць грошы, я, не разумеючы, што гэта, выкідваю іх з кішэні. Грошы пазначаюцца растворам, які бачна пад ультрафіялетам. Працаўнікі пішуць рапарт, што ад грошаў я пазбавіўся, калі пабачыў іх (працаўнікоў аддзелу ўнутранай бяспекі). Яны атрымалі санкцыю на правядзенне аператыўна-вышукавай дзейнасці, гэткі эксперымент можна здзейсніць толькі ў межах аператыўнгага ўліку, толькі. Адным з вынікаў рэалізацыі справы аператыўнага ўліку павінна быць альбо затрыманне альбо звальненне. Затрымаць мяне не атрымалася. Давялося звальняць».




Пасля націскаў кіраўніцтва Міхаіл Куцко напісаў рапарт на звальненне «па дамоўленасці бакоў». На наступны дзень намеснік кіраўніка РУУС складае рапарт пра адсутнасць Міхаіла Куцко на працы больш за 3 гадзіны, каб звальненне было за прагулы.

«У нас выступаў намеснік кіраўніка УУС і казаў, што аніякіх звальненняў па «паразуменню бакоў» быць не можа. Звальняць трэба за прагул, па кампраметуючых падставах, альбо па скасаванні кантракту. Есць выпадкі калі за 3 месяцы да завяршэння кантракту чалавек папярэджвае, што працягваць яго не будзе, яго пачынаюць муштраваць: «трэба! трэба!», некамплект у міліцыі дзікі. Прыходзяць людзі, якія нават году не вытрымліваюць, не даюць рады з нагрузкай і ўспрыняццем навакольнага свету. А наступныя два месяцы вельмі іх моцна пачынаюць пераследаваць, каб звольніць чалавека з кампраметуючых прычынаў. Мой знаёмы, які ўсю сцяну меў у граматах ад міністра і кіраўніцтва, быў звольнены на два тыдні перад завяршэннем кантракта, паводле «кампраметуючых артыкулаў», бо не хацеў працягнуць кантракт».

 

Копія скаргі Міхаіла Куцко


Міхаіл Куцко напісаў скаргу міністру ўнутраных справаў, апісваючы ўсе падрабязнасці справы, аднак, па яго словах, праверку не праводзілі.

Апісаная сітуацыя са следчым эксперыментам праводзілася ў верасні, тады Міхаіла не затрымалі, не была ўзбуджаная крымінальная справа. У пятніцу, 20 студзеня, яго папрасілі зайсці ў РУУС, зусім па іншай справе, на кансультацыю, дзе яго затрымалі, а 23 студзеня перавялі ў турму.

belsat.eu

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: