Мільён за Лісаковіча

Бадай, нядаўна прыляцела самая ашаламляльная навіна гэтага беларускага футбольнага года. Нападаючы Віталь Лісаковіч хутка пакіне салігорскі «Шахцёр», а ў новым сезоне будзе гуляць за маскоўскі «Лакаматыў».


Віталь Лісаковіч. Фота: прэс-служба ФК «Шахцёр»

Адзін з мацнейшых клубаў Расіі, трохразовы чэмпіён РФ і васьміразовы ўладальнік Кубка краіны. Для нашага хлопца ўжо гатовы чатырохгадовы кантракт, кошт трансфера, паводле некаторых ацэнак, складае 1 мільён еўра.

Так, па сённяшніх мерках гэта сенсацыя. Прайшлі часы, калі беларускія футбалісты ехалі ў Маскву ды Кіеў шчыльнымі радамі і грымелі на палях суседніх краін. Рэчышча даўно высахла, і адзінкавыя выпадкі такіх прэстыжных міграцый мы ўжо сустракаем з аркестрам. На пачатку года так было з экс-«энергетыкам» Іллёй Шкурыным, які неспадзявана працаўладкаваўся ў ЦСКА, а цяпер яго шлях паўтарае яшчэ адзін малады ды перспектыўны беларус.

Віталю Лісаковічу 22 гады. Ён нарадзіўся ў Мінску, але сталеў ва Уздзе. Калі вы пагугліце, то лёгка знойдзеце звесткі пра няпросты жыццёвы шлях юнака — няпоўная сям’я, выхаванне ў дзядулі з бабуляй, два малодшыя браты. Праз гэта ў Віталя сфарміраваўся даволі складаны характар, але трэнеры сыходзяцца ў думцы, што менавіта гэтыя абставіны дапамаглі хлопцу прабіцца ў спорце.

Віталь Лісаковіч. Фота прэс-служба ФК «Шахцёр»


Ён прабіваўся доўга — цераз «Шахцёр», розныя харвацкія каманды, куды яго «здавалі» ў арэнду, праз частыя траўмы. Наперад рухаў бясспрэчны талент ды прыродная ўпартасць. Гэта і прывяло да сёлетняга ўзлёту. У бягучым чэмпіянаце Беларусі Лісаковіч згуляў 18 матчаў, у якіх забіў 9 галоў і аддаў 4 галявыя перадачы. Файная статыстыка і самабытная тэхніка не засталіся не заўважнымі за мяжой. Бачыць маладога форварда ў сваім складзе хацелі шматлікія клубы, і не толькі ў Расіі. Віталь выбраў «Лакаматыў» — ці не самы амбіцыйны варыянт з тых, што меў.

Але ці будзе гуляць у Маскве? Апошнім часам у расійскай прэм’ер-лізе беларусам цяжка. Вялікая канкурэнцыя прыбівае да зямлі і прывязвае да лаўкі запасных, як тое адбылося з тым жа Шкурыным. Паглядзім — магчыма, гэты прыклад стане выключэннем з правілаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: