Мінабароны патлумачыла пагрозу паветраных шарыкаў

Паветраныя шарыкі, якія ляцелі з боку Літвы неслі пагрозу Беларусі. Пра гэта ў афіцыйным каментары прэс-службе Мінабароны заявіў выканаўца абавязкаў намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны палкоўнік Алег Арлоў, перадае Еўрарадыё.
Алег Арлоў / t.me/modmilby

Алег Арлоў / t.me/modmilby

Па яго словах, у гэтым здарэнні ёсць тры аспекты. Па-першае, "любая мяжа любой дзяржавы з'яўляецца недатыкальнай", кажа палкоўнік Арлоў. Па-другое, шарыкі могуць уяўляць пагрозу для палётаў, у тым ліку і грамадзянскім самалётам.

"І па-трэцяе, ніхто не ведае, якая падвеска ў гэтых шарыкаў. Яна можа быць абсалютна розная: выбуховыя рэчывы, атрутныя рэчывы і гэтак далей", — заяўляе палкоўнік Арлоў.

Як паведамлялася раней, увечары 23 жніўня з боку Літвы ляцелі паветраныя шарыкі. Па словах прэс-служба Мінабароны, яны неслі "антыдзяржаўную сімволіку". Супраць шарыкаў былі паднятыя ў паветра баявыя верталёты МІ-24.

Як сёння заявіла МЗС Літвы, адзін з верталётаў парушыў паветраную мяжу гэтай краіны. Літоўскі бок перадаў афіцыйнаму Мінску ноту пратэсту.

Каментуючы гэта, палкоўнік Арлоў заявіў: "Дзеянні нашых лётчыкаў расцэньваю як абсалютна адпаведныя нашаму і міжнароднаму заканадаўству. Нашыя лётчыкі дзейнічалі ў паветранай прасторы нашай дзяржавы, гэта зафіксавана матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю. Парушэнні дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі не было".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: