Мінабароны Расіі абвясціла пра завяршэнне вучэнняў «Захад-2021». Беларускія вайскоўцы маўчаць

На палігоне «Муліна» Ніжагародскай вобласці адбылася цырымонія закрыцця сумеснага стратэгічнага вучэння Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Захад-2021», паведаміла расійскае ваеннае ведамства.


Намеснік міністра абароны Расіі Мікалай Панкоў заявіў, што вучэнне мела «абарончы характар і накіравана на навучанне войскаў вядзенню ваенных дзеянняў у сучасных умовах і павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці органаў вайсковага кіравання ўзброеных сілаў саюзнікаў і дружалюбных дзяржаў», перадае Радыё Свабода.

Міністэрства абароны Беларусі пра заканчэнне вайсковых манеўраў пакуль не паведамляла. Ад пачатку пазначалася, што вучэнне будзе праходзіць 10-16 верасня. Усяго ў Беларусі і Расіі было задзейнічана каля 200 тысяч чалавек.

Раней начальнік дэпартаменту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны генерал-маёр Алег Воінаў расказаў пра «ваенныя пагрозы», на фоне якіх Беларусь імкнецца да зніжэння канфліктнага патэнцыялу і ўмацавання бяспекі.

«Адрозна ад нашых заходніх партнёраў, Беларусь можа канстатаваць адсутнасць замежных базаў з вайсковай тэхнікай, за выключэннем радыёстанцыі і вузла сувязі расійскіх устаноў, якія не з’яўляюцца вайсковымі базамі. А вось некаторыя суседнія краіны стала нарошчваюць кантынгенты на мяжы з Беларуссю з ужо зафіксаванай дыслакацыяй звыш 8,5 тысячы вайскоўцаў NATO і вялікай колькасцю тэхнікі», — заявіў прадстаўнік абароннага ведамства Беларусі.

Паводле генерала, кожная дзяржава мае права праводзіць аператыўную і баявую падрыхтоўку войскаў, аднак характар і інтэнсіўнасць таго, што адбываецца на вонкавых межах Беларусі, выклікае «заканамерную заклапочанасць».

У Беларусі ў манеўрах бяруць удзел 12800 чалавек, у тым ліку 2500 расійскіх вайскоўцаў, а таксама

  • больш за 30 самалётаў і верталётаў,
  • каля 140 танкаў,
  • да 110 гарматаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў.

Паводле задумы вучэнняў, умоўная дзяржава «Палярная рэспубліка» робіць спробы сілавога ціску на «Цэнтральную федэрацыю». Эскалацыя напружанасці перарастае ў збройны канфлікт. Федэрацыя абараняецца, лакалізуе канфлікт і перамагае праціўніка.

Беларускія ўлады адсправаздачыліся, што запрасілі замежных назіральнікаў з шэрагу дзяржаў і асобных міжнародных інстытуцый:

  • Літва і іншыя краіны
  • Цэнтр прадухілення канфліктаў АБСЕ
  • ААН
  • Чырвоны Крыж.

Раней генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што сапраўдная колькасць войскаў на вучэннях «Захад-2021» значна перавышае заяўленую.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: