Мінадукацыі: гімназіям пакінуць назвы, вучняў не адлічаць

Неназваная крыніца ў Міністэрстве адукацыі пракаментавала БЕЛТА планы па рэформе гімназіяў.

Ігар Карпенка, архіўнае фота

Цяпер у першыя класы гімназіяў плануецца набіраць дзяцей па тэрытарыяльнай прыкмеце, але «нетэрытарыяльных», якія ўжо вучацца ў гімназіі не па месцы пражывання, абяцаюць не адлічваць.

Замест уступных экзаменаў у гімназіі ў Мінадукацыі прапануюць набіраць дзяцей «па выніках атэстацыі за курс базавай школы».

Гімназіі мяркуюць прыраўняць у праграмах да базавых школаў у класах да 9-га уключна, вывучаць прадметы на падвышаным узроўні там прапануюць толькі ў 10 і 11 класах.

Міністр адукацыі, былы лідар Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка, заявіў ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ:

«Сістэма адукацыі павінна быць роўнадаступнай, без фармавання нейкай элітарнасці, а адбор таленавітых дзяцей не павінен ператварацца ў спаборніцтва кашалькоў бацькоў, што хтосьці можа наняць рэпетытараў, а хтосьці не, у нейкі бізнес. Павінны быць створаныя роўныя ўмовы для навучання, у тым ліку на падвышаным узроўні».

Ён пацвердзіў, што гімназіі захаваюцца «як від установаў», таксама як і ліцэі. Карпенка нагадаў, што дзеці могуць атрымліваць дадатковыя веды на факультатывах, гуртках і падтрымліваючых занятках.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!