Мінадукацыі патлумачыла, як атэстуюць школьнікаў

Тыя дзеці, якія зараз не ходзяць на заняткі па заяве бацькоў, могуць быць атэставаны па выніках трох чвэрцяў. Яшчэ адзін варыянт — яны могуць прыходзіць у школу ў суботу або пасля заняткаў, каб настаўнік мог праверыць іх веды. Пра гэта паведаміла TUT.BY першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.
Як будуць атэставаныя тыя дзеці, якія не ходзяць на заняткі па заяве бацькоў?

Зараз у школах на гэтае пытанне адказваюць па-рознаму. Адны ўстановы адукацыі тлумачаць, што гадавая адзнака будзе выстаўляцца так: складуць адзнакі за тры чвэрці, выніковую лічбу падзеляць на тры, і сярэдні бал стане гадавой адзнакай. Іншыя ўстановы кажуць: да ацэнак за тры чвэрці дададуць «нуль» за чацвёртую чвэрць і такім чынам выведуць гадавую адзнаку. А як будзе на самой справе?

2 траўня ў Міністэрстве адукацыі адбылася прамая лінія. TUT.BY датэлефанаваўся да першага намесніка міністра Ірыны Старавойтавай, каб задаць гэтае пытанне.

— Частка навучэнцаў, якая наведвае навучальныя ўстановы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, будзе атэставаная ва ўстаноўленым парадку. Ніякія змены ў нарматыўна-прававыя акты мы не ўносілі, — каментуе першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Што датычыцца навучэнцаў, якія знаходзяцца дома па заяве бацькоў, то для іх настаўнікамі-прадметнікамі даводзіцца матэрыял новых тэм, якія пройдзены на ўроках, хатнія заданні. У гэтым выпадку можа быць арганізавана зваротная сувязь з настаўнікам. Для дадзенай катэгорыі навучэнцаў за кошт гадзін падтрымліваючых заняткаў устанаўліваецца час, у які яны могуць прыйсці ва ўстанову адукацыі. Час можа ўсталёўвацца як у шосты школьны дзень, так і пасля ўрокаў. У прысутнасці педагога можа праводзіцца праверка ведаў. Гэта неабходна для максімальна аб'ектыўнага ацэньвання ведаў навучэнца.

— У вучня павінна быць тры адзнакi па прадмеце, каб яму выставілі чацвяртную?

— Тут павінен быць індывідуальны падыход: ці была арганізавана зваротная сувязь, выстаўляліся Ці ацэнкі падчас такой працы ці не. Натуральна, што вырашацца гэтыя пытанні будуць на карысць і ў інтарэсах навучэнца.

— Ірына Анатольеўна, а як атэстуюць тых дзяцей, якія не прыйдуць на заняткі ў суботу або пасля ўрокаў?

— Падыход будзе індывідуальны. Тут трэба разглядаць сітуацыю ў кожным канкрэтным выпадку. Усе дзеці будуць атэставаныя. Вядома, мы рэкамендуем, каб дзіця было атэставана і за чацвёртую чвэрць. У выпадку, калі не будзе магчымасці выставіць адзнакі за чацвёртую чвэрць па нейкай прычыне, тады адзнака выстаўляецца па выніках [сумы балаў] за тры чвэрці, дзеленай на тры.

— Гэта і будзе гадавая адзнака?

— Так, — адказвае Ірына Старавойтава.

На днях некаторыя школы атрымалі схему, якая тлумачыць, як выстаўляць за чвэрць і гадавыя адзнакі ў гэтым годзе. У дакуменце сказана: калі вучань не ходзіць на заняткі па заяве бацькоў, то ў журнале ставіцца адзнака аб пропуску. За чацвёртую чвэрць ён не будзе атэставаны, гадавая адзнака выстаўляецца па выніках трох чвэрцяў.

— Бачыла гэтую схему ў інтэрнэце, але адкуль яна з'явілася і хто яе распрацоўшчык, у мяне такіх звестак няма, — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: