Мінаховыздароўя: Ні адна аперацыя, звязаная з непасрэднай пагрозай жыццю пацыента, не была адкладзеная

«Новы Час» спытаў у Міністэрства аховы здароўя, як пандэмія паўплывала на анкапацыентаў.


Нам адказалі, што ў краіне ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкай па каронавіруснай інфекцыі (сакавік-чэрвень 2020 г.) у арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі, было адкладзена 211 планавых аперацый на тэрміны ад двух тыдняў да двух месяцаў. У ведамстве падкрэслілі, што гаворка ідзе пра аперацыі, перанос якіх з-за біялагічных асаблівасцяў развіцця пухліннага працэсу ніяк не адбіўся на зыходзе захворвання для кожнага канкрэтнага пацыента. Ні адна аперацыя, звязаная з непасрэднай пагрозай жыццю пацыента, не была адкладзеная.
У выпадку неабходнасці і/або немагчымасці выканання хірургічнага ўмяшання ў канкрэтнай установе аховы здароўя, пацыенты пераводзіліся ў іншую спецыялізаваную ўстанову аховы здароўя, альбо ў РНПЦ анкалогі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава.

Агулам у перыяд эпідэміі сем устаноў былі цалкам альбо часткова перапрафіляваныя на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў.

У міністэрстве паведамілі, што дыягнастычныя абследаванні пацыентам на падставе падазрэння на злаякасныя пухліны, а таксама пацыентам з устаноўленым дыягназам злаякаснага анкалагічнага захворвання праводзіліся анкалагічнымі дыспансерамі і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ў поўным аб'ёме.


З мэтай скарачэння ліста чакання на правядзенне даследаванняў для такіх пацыентаў у перыяд пандэміі былі адменены або скарочаныя аб'ёмы платных паслуг, а таксама спынены прыём замежных грамадзян, таксама перанесены на больш позні час тэрмін абследаванняў пацыентаў з дабраякаснымі наватворамі.

Патрабаванні клінічнага пратаколу лячэння пацыентаў, хворых на анкалагічныя захворванні, выконваліся ва ўсіх анкалагічных дыспансерах.

Для забеспячэння мер па папярэджанні распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі ў анкалагічных дыспансерах краіны і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава былі ўведзены мерапрыемствы, якія ўключалі забарону наведвання пацыентаў у арганізацыях аховы здароўя; шпіталізацыю пацыентаў з анкалагічнай паталогіяй у стацыянар толькі пасля выканання кампутарнай тамаграфіі органаў грудной клеткі або пацвярджэння адсутнасці інфекцыі вынікам лабараторнага даследавання, прадастаўленага з арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства; правядзенне бескантактнай, тэрмаметрыі пацыентаў у амбулаторна-паліклінічных аддзяленнях анкалагічных дыспансераў, у прыёмных аддзяленнях стацыянараў; забеспячэнне медыцынскіх работнікаў у поўным аб'ёме сродкамі індывідуальнай абароны; узмацненне захавання дэзінфекцыйнага рэжыму ў аддзяленнях.

У выпадках выяўлення пацыентаў з прыкметамі СОVID-19 у стацыянарных аддзяленнях, яны неадкладна ізаляваліся ў асобныя палаты з наступным пераводам у спецыялізаванае аддзяленне (інфекцыйны шпіталь), перапрафіляванае для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з каронавіруснай інфекцыяй.

Таксама Мінаховыздароўя прыводзіць статыстыку: па папярэдніх даных Канцар-рэгістра, колькасць зноў выяўленых пацыентаў са злаякаснымі захворваннямі за перыяд сакавік-травень 2020 года склала 9 756 чалавек, за аналагічны перыяд 2019 года было зарэгістравана 11 975 чалавек. Ці звязана гэта скарачэнне з перапрафіляваннем анкадыспансераў, у адказе ведамства не ўдакладняецца.

А вось статыстыка па колькасці выпадкаў СОVID-19 сярод пацыентаў са злаякаснымі захворваннямі будзе сфарміравана толькі па выніках 2020 года.

У міністэрстве адзначаюць, што ў пацыентаў, якія пакутуюць на анкалагічныя захворванні, імунная сістэма, як правіла, аслаблена, таму ім асабліва важна няўхільна выконваць меры прафілактыкі паветрана-кропельных інфекцый. У перыяд праходжання або пасля пройдзенага раней курсу супрацьпухліннага лячэння існуе павышаная рызыка заражэння паветрана-кропельнымі інфекцыямі, у тым ліку каронавірусам.

У рэкамендацыях Еўрапейскага таварыства медыцынскай анкалогі (Е5МО) сярод пацыентаў, хворых на анкалагічныя захворванні, вылучаюцца групы высокай рызыкі заражэння і развіцця цяжкіх ускладненняў СОVID-19. Гэта пацыенты, якія атрымліваюць хіміятэрапію або атрымалі яе на працягу апошніх трох месяцаў; пацыенты, якія атрымліваюць прамянёвую тэрапію; пацыенты, якія перанеслі трансплантацыю касцявога мозгу ў апошнія 6 месяцаў, а таксама тыя, хто атрымлівае імунасупрэсіўную тэрапію; пацыенты з анкагематалагічнымі захворваннямі.

На перспектыву Міністэрства аховы здароўя распрацоўвае комплекс мерапрыемстваў па далейшым недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі і імунізацыі насельніцтва супраць грыпу, а таксама мерапрыемстваў, якія ўключаюць медыцынскае і лекавае забеспячэнне насельніцтва ў выпадку пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: