Мінчанін будзе судзіцца з уладамі за высечку дрэваў у парку «60-годдзя Кастрычніка»

Каардынатар кампаніі «Зялёны Дазор» Дзяніс Тушынскі правёў адзіночны пікет адразу супраць дзвюх будоўляў у ваколіцах парка.
Дзяніс Тушынскі

Дзяніс Тушынскі

З 26 адпраўленых заявак на пікет цягам апошняга тыдня Мінгарвыканкам дазволіў адну — і гэта добры вынік, адзначае Дзяніс Тушынскі.

У полі зроку актывіста адразу дзве праблемы, звязаныя з высечкай зялёных насаджэнняў і будаўніцтва ў паркава-рэкрэацыйнай зоне.

Навошта ў парку трынаццаты корт?

Два гады таму на ўскрайку парка «60-годдзя Кастрычніка» ў Фрунзенскім раёне Мінска высеклі каля 500 дрэваў. Пры гэтым працы пачаліся яшчэ да правядзення грамадскага абмеркавання. Абураныя мясцовыя жыхары сабралі подпісы з патрабаваннем высадзіць новыя дрэвы, але гэта не дапамагло. Толькі праз 1,5 месяца грамадскае абмеркаванне ўсё ж адбылося. Выявілася, што на абнесенай плотам тэрыторыі, дзе спілавалі парк, збіраюцца будаваць тэнісныя корты. Замоўшчыкам выступіў Гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерва па тэнісе.
Будоўля тэнісных кортаў. Адметна, што ні дата пачатку работ, ні дата заканчэння ў пашпарце аб'екта не пазначана.

— Некалькі грамадскіх ініцыятыў сабралі 2 000 подпісаў за тое, каб праект дэталёвага планавання не быў зацверджаны, — распавядае Дзяніс Тушынскі. — Мы былі супраць шалёнай колькасці парковак — каля 15-ці, — якія планавалася тут пабудаваць, а таксама супраць падаўжэння вуліцы Данілы Сердзіча праз парк. У выніку ПДП не зацвердзілі.

На гэтым будоўля спынілася, але, як высветлілася, не надоўга: сёлета ўлетку працы на будпляцоўцы аднавіліся. Тым часам актывісты высветлілі, што будоўля парушае нарматывы Генплана.

— Азеляненне тэрыторыі на 15 адсоткаў меншае, чым мусіць быць. А забудаванасць тэрыторыі на 15 адсоткаў большая, чым належыць. Мы сабралі подпісы, каб будоўлю спынілі ў сувязі з парушэннямі, але нам адказалі, што ўсё адбываецца законна.

Па словах актывіста, у парку ўжо ёсць 12 тэнісных кортаў: 11 адкрытых і адзін закрыты. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што збольшага яны пустуюць. Узнікае пытанне: навошта будаваць яшчэ адзін?  

Дзяніс Тушынскі разам з юрыстамі экалагічнай арганізацыі «Экадом» мае намер звярнуцца ў суд.

— Мы будзем спрабаваць адмяніць рашэнне аб вылучэнні зямельнага ўчастка пад корты. Хоць яны будуюцца ў так званай ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне-1, якая дазваляе ўзвядзенне спартыўных аб’ектаў, былі парушаны нормы азелянення. Таму мы можам патрабаваць вяртання дрэваў на гэтую тэрыторыю. Нам пішуць, што нібыта зрабілі кампенсацыйныя пасадкі ў суседніх Цівалях. Так, там ёсць маладыя дрэвы, але ніяк не 500, і я мяркую, што яны з’явіліся задоўга да таго, як высеклі дрэвы тут.

Міліцыя замест дзіцячага садка

У чымсьці падобная на папярэднюю сітуацыя склалася вакол будоўлі, што разгарнулася ў некалькіх кварталах ад забудовы ў парку. Гаворка ідзе пра знос будынка пачатковай школы (былога дзіцячага садка) і знішчэнне сотняў дрэваў на вуліцы Д. Сердзіча, 12.

— Два гады таму адбылося грамадскае абмеркаванне, на якім абвясцілі, што замест школы будзе ўзводзіцца будынак для міліцыі, ДАІ і пракуратуры, — уводзіць у курс справы актывіст.

Спачатку будынак садка-школы збіраліся адрэстаўраваць, але ў выніку вырашылі знесці.

— Грамадскае абмеркаванне ў жніўні 2016 года прайшло з парушэннямі. Супраць зносу будынка пакінулі каля 150 зваротаў, іх заслухалі на архітэктурна-будаўнічай радзе, але праекціроўшчыку не перадалі, — зазначае Дзяніс Тушынскі.
Праблема яшчэ ў тым, што ў дзіцячых садках Фрунзенскага раёна на 30% перавышана нарматыўная колькасць дзяцей. І ў той жа час тут зносяць садок, каб пабудаваць на яго месцы міліцыю.

Нягледзячы на тое, што будынак усё ж знеслі і на яго месцы пачалі ўзводзіць адміністратыўны гмах, актывісты не збіраюцца адступаць. Яны прапануюць змяніць профіль прызначэння аб’екта.

— Часткова гэта ўжо адбылося: тут не будуць размяшчаць ДАІ. Справа ў тым, што вуліца Сердзіча ніяк не прыстасаваная для гэтай установы, тут аднапалосная дарога. Тое самае датычыцца і міліцыі: як яна будзе выязджаць па выкліках? З гэтай нагоды мы накіравалі зварот у МУС, — кажа пікетоўшчык.
Будоўля на месцы дзіцячага садка-школы.

Пры аб’екце збіраюцца будаваць і паркоўку. Паводле разлікаў забудоўшчыка мінімальны яе памер для такога будынка — 33 машынамесца (гэта з улікам ДАІ). А будуецца стаянка ажно на 96 машынамесцаў, хаця дзяржаўтаінспекцыі тут ужо не будзе.

З гэтай нагоды Дзяніс Тушынскі мяркуе падаць у суд скаргу на бяздзеянне адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

— Мы можам паспрабаваць дамагчыся памяншэння памеру паркоўкі і азелянення гэтай тэрыторыі, — заключае арганізатар пікета.

«Шорцу ўсё роўна»

Мясцовыя жыхары цалкам падтрымліваюць актывізм Дзяніса Тушынскага, але збольшага — моўчкі. Яны гатовыя ўдзельнічаць у зборы подпісаў, але не гатовыя пікетаваць. За першыя паўгадзіны заяўленай актывістам акцыі акрамя журналістаў і самотнага міліцыянта ў цывільным з камерай ніхто не звярнуў увагу на мужчыну з плакатам. Дый людзей у парку ў будні дзень было зусім не шмат.

Праўда, напрыканцы акцыі да Дзяніса сталі падыходзіць мясцовыя пенсіянеры, якія абураліся будоўлямі, горача падтрымлівалі пікетоўшчыка і выказвалі гатоўнасць падпісвацца пад усімі зваротамі.

 Шорцу ўсё роўна, ён жыве ў шыкоўным раёне, там ніякіх будоўляў не прадбачыцца, — выказалася адна з жанчын, ускладаючы адказнасць за спілаванне дрэваў і будоўлі на былога старшыню Мінгарвыканкама. — Паўлаў такім не быў, — дадала яна.
Па яе словах, падчас прац па ўзвядзенні будынка на месцы дзіцячага садка, у сцяне яе дома з’явілася трэшчына. Трэшчыну замазалі, але на хаду будоўлі гэта ніяк не паўплывала.

— Цудоўна, пабудуюць тут міліцыю, і будуць круглыя суткі машыны пад вокнамі ездзіць. Праспект зробяць! Прыгажосць! — абураецца пенсіянерка.

— Пра гэта (кампенсацыю азелянення парка. — НЧ.) нават казаць не варта, — мяркуе яшчэ адна мясцовая жыхарка. — Узгадайце гасцініцу каля парка Горкага — і больш нічога не трэба. На вачах ва ўсіх зрабілі гэтую брыдоту — і цішыня.

 Як цішыня? Ладуцьку на пенсію адправілі. А вы кажаце…

Фота аўтаркі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: