Мінчанін выкінуў ката з вакна чацвёртага паверха

Мінчанін выкінуў ката з вакна кватэры на чацвёртым паверсе і патлумачыў, што гэта яго «асабістая справа», паведамляе Еўрарадыё.
Жывёла выжыла, але атрымала даволі сур’ёзныя траўмы. Цяпер катом апекуюцца неабыякавыя людзі, якія яго падабралі і адвезлі да ветэрынара, а на гаспадара выклікалі міліцыю.

Здарэнне адбылося ў Серабранцы, у доме па вуліцы Пляханава, піша TUT.by. Гаспадар жывёлы, 60-гадовы мужчына, які любіць выпіць, сказаў міліцыянтам, што кот крычэў і гадзіў у ложак, таму ён выкінуў яго з акна. Цяпер на мужчыну могуць завесці крымінальную справу за жорсткае абыходжанне з жывёламі.

У ката значныя траўмы: пашкоджанае лёгкае, трэснула цвёрдае нёба, магчымы ўдар спіннага мозгу. Цяпер неабыякавыя людзі сочаць за станам здароўя ката і шукаюць грошы на яго рэабілітацыю. У сацыяльнай сетцы Вконтакте створаная асобная група, дзе ёсць уся інфармацыя пра гэты інцыдэнт і рэквізіты для аказання фінансавай дапамогі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!