Мінчанкі за мір: у белым і з кветкамі (ФОТА)

Больш за 300 жанчын увечары 12 жніўня ў Мінску прайшлі калонай з вуліцы Веры Харужай да плошчы Перамогі і ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Адна з іх несла плакат "Мы за мір".


Жанчыны былі рознага ўзросту, ад зусім маленькіх дзяўчат да кабет пенсійнага веку, але ў асноўным — ад 20 да 40 гадоў. Яны мелі элементы белага колеру ў адзенні.

Сігналілі машыны на праспекце Незалежнасці, калона дружна махала кветкамі ў адказ. Ніякіх лозунгаў, акрамя плакатаў "Мы за мір", "Сложите оружие. Мы не хотим войны. Среди пострадавших — дети" і надпіса “Прекрати проливать кровь людей #ОМОН” на майцы адной з удзельніц, не дэклараваі. Адваротны бок плаката паведамляў: “Я мама. 3 детей ждут меня”. Адна з жанчын несла абраз Маці Божай.


 У салідарнасць з імі ішлі некалькі хлопцаў. Супрацоўніцы некаторых крам па дарозе віталі калону. Шэсце скончылася ўскладаннем кветак да Вечнага агню і агульным колам на плошчы Перамогі: жанчыны ўзяліся за рукі. Нікога з удзельніц не затрымлівалі.

Тым часам, як паведамляюць чытачы НЧ з Магілёва, некалькі жанчын у белым і з кветкамі затрымалі ля гандлёвага цэнтра "Атрыум".

Увечары ў Бараўлянах таксама былі заўважаны тры жанчыны ў белым з кветкамі.

Жаночыя акцыі праходзяць сёння па ўсёй Беларусі пасля ланцуга салідарнасці, ранкам зладжанага мінчанкамі ля Камароўскага рынка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: