Праваслаўны святар абвясціў галадоўку ў знак салідарнасці з Ігарам Лосікам

Праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў сёння абвясціў галадоўку салідарнасці з Ігарам Лосікам. Пра гэта ён напісаў у рэдакцыю tut.by. Іерэй Уладзіслаў Багамольнікаў — кандыдат багаслоўя, выкладчык філасофіі і гісторыі філасофіі ў Мінскай Духоўнай Акадэміі. Менавіта ён здзяйсняў чын адпявання Рамана Бандарэнкі на Плошчы Пераменаў.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і блогер Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 206 дзён. Апошнія 36 з іх Ігар галадае. Паводле інфармацыі "Радыё Свабода", Лосіку становіцца горш: з'явіліся праблемы з ціскам.

Уладзіслаў Багамольнікаў даслаў у рэдакцыю TUT.BY ліст, у якім тлумачыць матывы свайго ўчынку. Прыводзім яго тэкст з невялікімі скарачэннямі.

"Я, Уладзіслаў Багамольнікаў, далучаюся да галадоўкі Ігара Лосіка.

Планую працягваць, пакуль галадоўку працягвае Ігар. Калі здарыцца непапраўнае, я паспрабую пратрымацца столькі ж дзён, колькі пратрымаўся ён.

Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе і яму заменяць меру стрымання на хатні арышт. Ці ён сам адмовіцца ад задумкі, калі даведаецца, што цяпер гаворка ідзе не толькі пра яго ўласнае здароўе.

У мяне ёсць асабістыя палітычныя погляды, але цяпер я пра іх не кажу. Мне здаецца, што Ігар здзяйсняе памылку. Яго жэст маглі б ацаніць, але не ў кіраўніцтве нашай краіны. Магчыма, я памыляюся. Але іх дзеянні пераканалі б мяне хутчэй, чым словы.

Я ўпэўнены, што абсалютна ўсе людзі могуць мяняцца. І той чыноўнік, ад якога цяпер залежыць жыццё Ігара Лосіка, можа ўзяць на сябе адказнасць за яго жыццё або сысці з пасады, каб не браць адказнасць за іншы варыянт. І перад тым, хто яго зменіць, будзе стаяць той жа выбар.

Сёння я напісаў Ігару ліст. Не буду адгаворваць яго, але паведамлю аб сваім рашэнні. Хай ён паступіць, як палічыць патрэбным.
Той самы ліст, які ўжо адпраўлены Ігару Лосіку 19 студзеня. Фота прадастаўлена чытачом TUT.BY

Той самы ліст, які ўжо адпраўлены Ігару Лосіку 19 студзеня. Фота прадастаўлена чытачом TUT.BY


У мяне няма якіх-небудзь дасягненняў, каб казаць, што я патрэбен грамадству ці дзяржаве. Замест мяне мог бы адгукнуцца больш годны, але яго няма, а прайшоў цэлы месяц.

У мяне таксама ёсць дачка, як у Ігара, толькі амаль дарослая. І я страціў свайго бацьку ў дзяцінстве. А сёння, калі б прыйшлося выбіраць, ці стане мой бацька героем, так, каб хоць помнік і вуліца ў яго гонар, ці ж застанецца жывы — я абраў бы другое. Упэўнены, няма большай адказнасці, чым адказнасць перад сваім дзіцем. Гэта адзіны чалавек, які з'явіўся ў свеце па нашай уласнай волі.

Я таксама рызыкую, але магу разлічваць, што чалавек, ад якога залежыць зыход справы, своечасова спыніцца. А Ігару Лосіку няма на што разлічваць, уладам, падобна, абыякава, што з ім стане.

Чуў, што лісты не даходзяць, але такі ліст павінен дайсці, гэта ў інтарэсах усіх бакоў.

Пераконваць Ігара зыходзячы з меркаванняў уласнага дабрабыту не стану, таму што сам на яго месцы на гэта не пагадзіўся б".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: