Разам з тым суддзя Юлія Блізнюк прызнала мінчука псіхічна хворым і вынесла пастанову накіраваць яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Інфармацыю пра гэта ГА “БАЖ” паведаміла памочніца старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
— Віна Лапіцкага нібыта заключалася ў тым, што напрацягу апошніх гадоў ён рассылаў электронныя паведамленні ў розныя органы дзяржаўнай улады, у якіх нібыта былі знойдзеныя абразы, — расказаў прэс-службе ГА “БАЖ” праваабаронца Алег Волчак, які прысутнічаў на працэсе.
На думку Волчака, судовае рашэнне, вынесенае за адзін дзень, не з’яўляецца абгрунтаваным і адэкватным.
Адметна, што разам з пастановай суддзя вынесла прыватнае вызначэнне на адрас ТАА “Тут Бай Медиа”, на партале якога зарэгістраваная электронная паштовая скрыня, з якой Лапіцкі рассылаў уласныя паведамленні. Суддзя прадпісала ТАА “Тут Бай Медиа” спыніць доступ да электроннай паштовай скрыні з поўным яе выдаленнем.
Па словах Алега Волчака, бок абароны збіраецца абскардзіць вынесенае рашэнне, на што мае 10 дзён.
Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 красавіка выступіў з заявай з нагоды судовага рашэння, пратэстуючы супраць крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя формы выказвання меркавання.
Паводле baj.by