Мінчукі пісалі дыктоўку пра незалежнасць (ФОТА)

Таварыства беларускай мовы традыцыйна адзначыла Дзень роднай мовы напісаннем дыктоўкі. Сёлета пісалі эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта…»

Нацыянальныя дыктоўкі ў Дзень роднай мовы ТБМ арганізуе рэгулярна, пачынаючы ад 2008 года. Гэтым разам дыктоўку праводзіла настаўніца вышэйшай катэгорыі Валянціна Драгун, якая 30 гадоў выкладала беларускую мову ў мінскай гімназіі №50.


 
З некалькіх варыянтаў спадарыня Валянціна абрала тэкст Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…»  
 
«Тэкст складаны, нагрувашчаны знакамі прыпынку. Чаму абрала? Бо мне ён падаўся найбольш актуальным. Мы сёння гаворым пра нашу Беларусь, пра яе шляхі. Зараз вырашаецца, якой будзе наша Беларусь», — патлумачыла свой выбар Валянціна Драгун.
 
У вялікім пакоі ТБМ пісалі дыктоўку чалавек 15. Былі як людзі ва ўзросце, так і моладзь. Паводле сакратаркі арганізацыі, мэты сабраць як мага больш людзей не ставіцца, ТБМ заклікае праводзіць дыктоўкі ў тым ліку самастойна па месцы жыхарства.
 
На імпрэзе былі як сталыя наведвальнікі, так і навічкі. Вядомая актывістка Ніна Багінская стараецца хадзіць на дыктоўкі рэгулярна: «Я лічу, што мова перадусім. Якая мова ў нас, такая і дзяржава. Не будзе мовы — не будзе нашай незалежнасці. Гэта ўжо, мяркую, усім відавочна. Да таго ж, гэта добрая нагода сустрэцца з аднадумцамі».
 
«Я настаўніца польскай мовы і бяру ўдзел у дыктоўцы ўпершыню. Ведала пра дыктоўку даўно, але не атрымлівалася трапіць. Зараз праверыла сябе: напісала добра. Памылкі толькі ў сінтаксісе. Гэта вельмі добрая акцыя, яна нагадвае нам аб тым, кім мы ёсць», — падзялілася ўражаннямі Леанарда Мухіна.
Самы малады, самы сталы ўдзельнікі дыктоўкі атрымалі ў падарунак дыскі з беларускай музыкай.

Фота аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!