Мінфін прапануе знізіць планку для некаторых спецыяльнасцяў

У Беларусі існуе занадта вялікая колькасць пасад, займаць якія можна толькі пры наяўнасці дыплома аб вышэйшай адукацыі. Намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў у інтэрв'ю профільнаму часопісу «Фінансы, улік, аўдыт» прапанаваў перагледзець адпаведны пералік прафесій у Мінпрацы і сацабароны.
Фота: sb.by

Фота: sb.by

«Далёка хадзіць не будзем, паглядзім на фінансавую сферу. Ці трэба вышэйшая адукацыя чалавеку, які прымае камунальныя плацяжы ў банку ці які сядзіць на абмене валюты? Сумняюся», — сказаў Селіверстаў.

Ён нагадаў, што раней выпускнікі тэхнікумаў у райфінаддзелах і падатковых інспекцыях паспяхова спраўляліся з прафесійнымі абавязкамі і дасягалі высокіх вынікаў у працы. «Аднак пасля перагляду патрабаванняў да пасады гэта немагчыма», — адзначае намеснік міністра.

Пры гэтым Селіверстаў прапануе падысці да тэмы і з іншага боку: паляпшаць сістэму сярэдняй адукацыі.

«З часоў СССР у нас была шырока развіта сетка вучэбна-вытворчых камбінатаў. Там людзей навучалі нейкім навыкам. Для многіх гэтыя веды апынуліся карыснымі і нават дазволілі вызначыцца са сваім шляхам у жыцці», — нагадаў намеснік міністра. Сёння сітуацыя памянялася і існуючую сістэму трэба абнавіць. Гэта дазволіць людзям атрымаць запатрабаваную прафесію, а дзяржаве — зэканоміць абмежаваныя рэсурсы і ліквідаваць дэфіцыт рабочых спецыяльнасцяў.

Паводле звестак Белстата, Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па колькасці студэнтаў ВНУ на 10 тысяч чалавек насельніцтва — 354 супраць 325 у Расіі, 322 ва Украіне. Пры гэтым прыкладна траціна студэнтаў вучыцца па юрыдычным і эканамічным профілі. Інакш ідзе справа з лікам навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па дадзеных за 2015/2016 навучальны год, у СНД больш за ўсё іх ва Узбекістане — 503 чалавекі, далей ідуць Казахстан — 282 чалавекі, Кыргызстан — 155 чалавек, Расія — 149 чалавек, і замыкае пяцёрку Беларусь з паказчыкам 128 чалавек.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!