Мінгарсуд разгледзіць скаргу Някляева на адміністрацыйны арышт

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які адбыў 10-суткавы арышт нібыта за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве «Марш абураных беларусаў 2.0», накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.

Уладзімір Някляеў у судзе 1 лістапада 2017. Фота: svaboda.org

Скарга будзе разглядацца 22 лістапада ў 12.00. У ёй Уладзімір Някляеў адзначыў:

“У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 24 кастрычніка адсутнічае прамая спасылка на мае словы, якімі б я заклікаў грамадзянаў на акцыю 21 кастрычніка 2017 г.

Больш за тое, я не даваў інтэрв'ю журналістам інтэрнэт-парталу "Хартыя 97". На розных інтэрнэт-рэсурсах могуць быць размешчаныя абсалютна розныя мае выказванні, у тым ліку вырваныя з кантэксту, перайначаныя, скампіляваныя. Пры гэтым гэта будуць аўтарскія артыкулы інтэрнэт-журналістаў”.

Ён падкрэслівае, што з інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», якому непасрэдна даваў каментар, угледжваецца, што ён выказаў сваё асабістае меркаванне наконт масавага мерапрыемства, якое планавалася 21 кастрычніка і чаму ён асабіста прыйшоў бы на яго.

У інтэрв'ю Уладзімір Някляеў таксама даваў ацэнку стану пратэстнага руху ў Беларусі і нядаўнім папраўкам да Дэкрэта №3.

“Ва ўказаным інтэрв'ю я выказваў сваё меркаванне наконт таго, як бы паступіў на месцы кожнага беларуса, ніякіх заклікаў да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, што праводзіцца на Кастрычніцкай плошчы, не было”, — піша Уладзімір Някляеў у сваёй скарзе.

Неабходна адзначыць, што публічным заклікам да арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў з'яўляецца зварот, патрабаванне аб здзяйсненні якіх-небудзь дзеянняў, выказанае ў кароткай форме.

“Такім чынам, выказанае мной меркаванне ніяк не можа расцэньвацца як заклік да чаго-небудзь. А пры аб'ектыўным, не прадузятым разглядзе дадзенай адміністрацыйнай справы нельга прыцягваць мяне да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 3 арт. 23.34 КаАП, бо я не з'яўляўся ўдзельнікам ці арганізатарам дадзенага мерапрыемства”, — сказаў палітык.

Таксама ён звяртае ўвагу Мінгарсуда на тое, што судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў дачыненні да Валерыя Мінца была разгледжана аналагічная адміністрацыйная справа — за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі 8 верасня 2017 года ў г. Мінску, размешчаныя 5 верасня 2017 года на сайце «Хартыя-97». Пры гэтым суд Лідскага раёна спыніў вытворчасць па справе ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Валерыя Мінца складу адміністрацыйнага правапарушэння па тых жа падставах, якія былі паказаныя Уладзімірам Някляевым пры разглядзе адміністрацыйнай справы у судзе Ленінскага раёна г.Мінска.

Таму паэт заклікае Мінгарсуд больш дбайна сачыць за аднастайнасцю правапрымяняльнай практыкі і просіць адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна г. Мінска аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці, а вытворчасць па справе спыніць.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка адзначае:

“Акрамя абсурднасці самога абвінавачання (у арыгінальным каментары Уладзімір нікуды не заклікаў), сам факт пераследу па артыкуле парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў набывае ўсё больш і больш фармальны і рэпрэсіўны выгляд.

Рэгулярна хтосьці з актывістаў і палітыкаў патрапляе пад арышт менавіта па такім абвінавачанні ў парушэнні стандартаў мірных сходаў і справядлівага суду. Цікавасць гэтай сітуацыі яшчэ ў агульнай палітычнай сітуацыі ў краіне, калі перад Самітам у Брусэлі суд можа быць індыкатарам настрояў беларускіх уладаў, паколькі ўсе мы разумеем, што не заўжды суддзі самастойныя ў сваіх рашэннях”.

Нагадаем, 1 лістапада суд Ленінскага раёна прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым па ч.3 арт. 23.34 КаАП, спасылаючыся на артыкул на сайце “Хартыі”, дзе ён нібыта заклікаў грамадзянаў да ўдзелу ў акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”, і пакараў яго дзесяццю суткамі арышту. Аднак адбываць пакаранне яго не забралі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: