Мінгарвыканкам забараніў шэсце і мітынг 25 сакавіка. Падалі новую заяўку на мітынг і канцэрт

Заяўнікі шэсця і мітынгу 25 сакавіка, прысвечаных 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымалі 28 лютага адказ з Мінгарвыканкаму, паведамляе Радыё Свабода.

Улады не дазволілі шэсце з плошчы Якуба Коласа па праезнай частцы праспекту Незалежнасці і мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.

Мінгарвыканкам сцьвярджае, што заяўка аб правядзенні масавых мерапрыемстваў не адпавядала патрабаванням закона аб масавых мерапрыемствах і рашэнню Мінгарвыканкама аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых акцый.

У адказе адзначаецца, што сустаршыня БХД Вольга Кавалькова не можа быць арганізатарам масавага мерапрыемства, бо цягам мінулага года «прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства».

Яшчэ адну падставу для адмовы ўлады знайшлі ў тым, што на інтэрнэт-сайтах размяшчаліся тэматычныя паведамленні, інтэрв'ю, заклікі да ўдзелу ў святкаванні да атрымання дазволу.

Таксама паводле ўладаў, абраныя заяўнікамі месцы збору і правядзення акцый не адпавядаюць закону і рашэнню Мінгарвыканкаму аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых акцый.

Заяўка была пададзена 25 студзеня ад імя шэрагу палітычных партый і грамадскіх арганізацый. У іх ліку Партыя БНФ, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, АГП, Рух «За свабоду», Рух салідарнасці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Станіслава Шушкевіча, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Валянціны Вештарт, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Міколы Статкевіча, незалежны прафсаюз РЭП, «Беларускі рух», арганізацыя «Дзея», «Еўрапейская Беларусь».

***

Ліст з просьбай аб сустрэчы са старшынём Мінгарвыканкаму Андрэем Шорцам, які падпісалі 13 прадстаўнікоў аргкамітэту, быў пададзены ў Мінгарвыканкам яшчэ 25 студзеня. У ім прасілі дазволіць на 25 сакавіка ня толькі традыцыйнае шэсце і мітынг (якія дазваляюць не заўсёды, нярэдка брутальна разганяюць), але і канцэрт у цэнтры гораду.

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі з вялікім спазненнем — у парушэнне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэнні законаў нікога не пакаралі.

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Банэ
  • 2018-02-28 15:43:10
хіба лідар хадэкаў Кавалькова не ведала што у яе -адміністраціўка ? альбо "піяр" перадусім ?

Больш цікавага на «Новым Часе»: