Мінгарвыканкам не дазволіў фэст “Militar-2013” (дакумент)

“Militar–2013” быў запланаваны на 17 жніўня ў мінскім парку "Dreamland". Хэдлайнерам мусіў стаць расійскі industrial-гурт "Biopsyhoz". Сярод удзельнікаў — "Irdorath", "Tim Erna", "Без паники", "Hardi M", "Мутнаевока".



У адказ на зварот арганізатараў фэсту Мінгарвыканкам паведамляе, што“лічыць немэтазгодным правядзенне згаданага мерапрыемства”. Дакумент падпісаны намеснікам старшыні выканкама Андрэем Дамарацкім.

“Улічваючы шматлікія звароты грамадзянаў з нагоды невыканання гукавога рэжыма падчас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў у дадзеным парку, лічым немэтазгодным правядзенне згаданага мерапрыемства”, — гаворыцца ў дакуменце.

 

“Слова “забарона” ў гэтай паперы няма, таму мы прынялі яе да ўвагі і працягнулі падрыхтоўку фестывалю, — каментуе для “Еўрарадыё” Дзмітрый Жураўскі, генеральны прадзюсар ТАА “Інструментал трэйд”, якое арганізоўвала “Militar-2013”. — Прадаваліся квіткі, падпісваліся дамовы з гуртамі, планавалася піратэхнічнае шоў. Хачу зазначыць, мы сабралі патрэбныя дазволы ад дзяржаўных установаў, у тым ліку — ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нам дазволілі нават салют — што праўда, да пэўнага часу. Але ў дзень, калі былі запушчаныя рэкламныя ролікі “Militar-2013” нам патэлефанавалі і прыгразілі пратаколам за тое, што мы парушаем забарону. Пасля гэтага ў нас не было іншага выйсця, як згарнуць працы па падрыхтоўцы фэста”.

“Militar-2013” стаў другім на гэтым тыдні фэстам альтэрнатыўнай музыкі, адмененым у Беларусі. Першы — “ROCKachev” у Рагачове — не адбудзецца, бо ад яго адначасова адмовіліся ўсе дзяржаўныя партнёры.

Крыху раней, таксама спасылаючыся на звароты грамадзянаў,  Мінгарвыканкам прыбраў альтэрнатыўную музыку з мінскай пешаходнай вуліцы Карла Маркса.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: