Мінгарвыканкам спужаўся вышыванак

Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні 28 чэрвеня ў Мінску перадкупальскага шэсця ў нацыянальных строях з беларускімі вышыванкамі. 



Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з заяўнікаў мерапрыемства — рэжысёр Валер Мазынскі.

«Адказалі, што такое шэсце „не адпавядае закону аб масавых мерапрыемствах“. Чаму? Мы ўсяго толькі замаўлялі шэсце ў нацыянальных строях, з беларускай вышыванкай, з песнямі. Планавалі прымеркаваць гэта да купальскіх святаў і таму прайсці ад помніка Максіму Багдановічу па вуліцы Янкі Купалы ўніз, да парку Купалы, дзе зладзіць свята».
 
 
Іншымі заяўнікамі «шэсця ў вышыванках» былі мастак Мікола Купава і актывіст Уладзь Кішкурна. Заяўку яны падалі за два месяцы, як патрабуе закон, прапанавалі чыноўнікам з Мінгарвыканкаму падзяліць фінансавыя выдаткі на правядзенне свята. Як мяркуе Валер Мазынскі, адмовілі ім ня дзеля эканоміі грошай, а з іншых прычын.
 
 
«Яны чарговы раз даказалі, што, відаць, нават напісанае па-беларуску для іх застаецца варожым. Калі падаў такую заяўку па-беларуску — усё, ты вораг. Для сябе я гэтак праверыў нашу дзяржаву і зноў пераканаўся, што ва ўладзе знаходзяцца людзі, далёкія ад беларускасці. Беларусы ў горадзе павінны сябе ідэнтыфікаваць вышыванкай. Не будзем пляскаць у ладкі, не будзем крычаць, але будзем хадзіць і жыць у вышыванцы. Я ўжо нашу вышыванку і заклікаю беларусаў гэтак паказаць, што мы ёсць. У горадзе ходзяць людзі з расійскімі сцягамі, з прарасійскімі стужкамі — хто заўгодна, а беларусаў няма. Таму будзем проста хадзіць у вышыванцы».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: