Мінінфарм — БАЖу: Пасярэднікі ў выглядзе грамадскіх аб'яднанняў не патрэбныя ні нам, ні журналістам

Міністэрства інфармацыі за подпісам намесніка міністра Паўла Лёгкага накіравала дзёрзкі адказ на запыт ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» аб парадку акрэдытацыі медыя пры міністэрстве. Журналісцкая арганізацыя збіраецца абскарджваць гэты дакумент.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” цікавілася, ці распрацаваны пры Мінінфарме парадак акрэдытацыі прадстаўнікоў медыя. Магчымасць акрэдытацыі прадугледжана арт. 35 Закона “Аб СМІ”.

У адказ на запыт ГА “БАЖ” першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі апроч іншага паведамляе:

“У пасярэдніцтве розных грамадскіх арганізацый, якімі б паважанымі яны ні былі, пры выбудоўванні ўзаемадзеяння Міністэрства інфармацыі з прадстаўнікамі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ ні той, ні іншы бок не маюць патрэбы, пра што могуць паведаміць вам у тым ліку і самі сябры ГА “БАЖ”. Жадаем поспехаў на ніве грамадскай дзейнасці, калі такія прынясуць карысць краіне”.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абурана такім адказам.

Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец падкрэслівае: журналісты менавіта таму і ўступаюць у БАЖ, каб арганізацыя прадстаўляла і лабіравала іх інтарэсы.

Гэта ўнікальны адказ з пункту гледзішча разумення чыноўнікам свайго месцы і сваёй працы. Па-першае, у адказе няма інфармацыі па сутнасці — ці існуе ў Мінінфарме распрацаваны парадак акрэдытацыі журналістаў.

Па-другое, грамадскія арганізацыі для гэтага і ствараюцца, каб прадстаўляць інтарэсы сваіх сябраў. Менавіта для гэтага ў нашу міжнародна прызнаную арганізацыю і ўваходзяць больш за 1200 калег.

І ўжо дакладна Мінінфарм не можа адказваць за сябраў БАЖ.

А наогул, у Міжведамасным плане па рэалізацыі рэкамендацый па правах чалавека гаворыцца пра неабходнасць пашырэння ўдзелу грамадскасці ў кіраванні грамадствам і дзяржавай. І Міністэрства інфармацыі — адзін з органаў, якія адказныя за рэалізацыю гэтага плана, — каментуе Андрэй Бастунец.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” збіраецца абскардзіць адказ Міністэрства інфармацыі.

У верасні БАЖ распачаў даследаванне правілаў акрэдытацыі журналістаў у дзяржаўных ведамствах і мясцовых органах улады. Па выніках мінулага падобнага даследавання журналісты называлі Мінінфарм адным з самых закрытых для журналістаў ведамстваў.

Арганізацыя накіравала афіцыйныя запыты адносна парадку акрэдытацыі журналістаў ва ўсе міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, буйнейшыя ведамствы, мясцовыя органы ўлады і саветы дэпутатаў абласнога ўзроўню. Мэта даследавання: даведацца, ці распрацаванае ў дзяржаўных органах адпаведнае заканадаўству палажэнне аб акрэдытацыі журналістаў, а калі яго няма, прапанаваць узор такога дакумента для прыняцця.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: